Ігар БАРЫСАЎ: «Тэст станоўчы, а сімптомаў няма!»

40
Ігар БАРЫСАЎ: «Тэст станоўчы, а сімптомаў няма!»

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) распавёў “Народнай Волі”, што ягоная жонка Алена ачуняла ад каранавіруса, а ён, наадварот, захварэў. Але ні ў палітыка, ні ў ягонай дачкі, якая таксама мае станоўчы вынік тэста на COVID-19, сімптомы хваробы не праявіліся. 

– У нас узялі кроў на аналіз, і ў жонкі вынік адмоўны, яна можа па вуліцы хадзіць, у яе выпрацаваліся антыцелы, а я мушу яшчэ сядзець дома, бо тэст даў станоўчы вынік, – разводзіць рукамі Барысаў.

– Але ж вы былі амаль два тыдні на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню. Колькі дзён яшчэ павінны адбыць дома?

– Ну вось таксама пытанне! Ніхто пра гэта не распавядаў. Напэўна, праз тыдзень ужо можна па-новаму здаваць тэст. Відаць, усё ж такі 21 дзень з таго моманту, як падпісаў дакумент аб самаізаляцыі, павінен буду адсядзець дома.

– Вы на бальнічным? Пытаюся, бо ў сацсетках прайшла пагалоска, што тым, у каго няма сімптомаў COVID-19, цяпер лісток непрацаздольнасці быццам бы не выдаюць – нават пры станоўчым тэсце.

– Шчыра кажучы, не ведаю, бо і я, і жонка адмовіліся ад бальнічнага. У нас афіцыйна частковая занятасць, таму мы не маем неабходнасці ў гэтых паперках.

– Міліцыя прыходзіць правяраць, як вы выконваеце рэжым самаізаляцыі?

– Не, за два тыдні яшчэ ні разу не наведвалі нас. Відаць, усе праваахоўнікі зараз іншымі справамі заняты: сцягі здымаюць, пратэстоўцаў разганяюць.

– У вас жа першы тэст на каранавірус быў адмоўны?

– Так. І я быў гэтаму рады.

– У адной з вашых дачок тэст на каранавірус таксама даў станоўчы вынік. А сімптомы хваробы нейкія праявіліся?

– Не, нават насмарку няма! У мяне, дарэчы, на два-тры дні нос заклала, але неяк незаўважна потым адпусціла. Я вось думаю: можа, яны мяне наўмысна гэтым станоўчым тэстам дома трымаюць, каб па мітынгах не хадзіў? (Смяецца.)

Публікацыя – з № 84 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання