Гомельская мастачка Марыя Тульжанкова за кратамі — на пазітыве і спадзяецца на лепшае

206
Марыя Тульжанкова
Марыя Тульжанкова

Арыштаваная на 15 сутак гомельская мастачка і дызайнерка Марыя Тульжанкова толькі падазраваная ў крымінальнай справе па арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 342 КК). Пра гэта паведаміў адвакат Тульжанковай Сяргей Красноў, якога для арыштаванай дзяўчыны дапамаглі знайсці праваабаронцы.

«Абвінавачвання Марыі не выстастаўлялі і крымінальнай справы супраць яе не распачыналі, як паведамілі некаторыя інтэрнэт-рэсурсы. Крымінальная справа заведзена па факту беспарадкаў у Гомелі з 9 на 10 жніўня. Следства правярае датычнасць гараджан да тых падзей. Калі нічога не зменіцца, 29 кастрычніка Марыю Тульжанкову адпусцяць з ізалятара. Яна на пазітыве, пачувае сябе няблага», – сказаў Красноў.

Затрымалі Тульжанкову 12 кастрычніка. У яе кватэры міліцыя забрала камп’ютар і тэлефоны. Мастачка паспела паведаміць праваабаронцам, што яе вазілі ў рэгіянальнае ўпраўленне фінансавых расследаванняў КДК, а пасля – у абласны Следчы камітэт. Гаворка вялася пра крымінальную справу за арганізацыю ці ўдзел у масавых беспарадках.

Да суда Марыю змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама, праз два дні судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці 30 жніўня. Дзяўчына трымала плакат: “Сашы больш не наліваць!”.

Марыя скончыла мастацкую вучэльню, была дзейнай удзельніцай маладзёжнай гісторыка-культурніцкай суполкі “Талака”, ладзіла з аднадумцамі святы Купалля, калядныя забавы, абараняла драўляную забудову горада, стварыла шэраг нестандартных выяў жывёл з Чырвонай кнігі Беларусі, а потым навучалася ў польскай акадэміі мастацтваў ва Уроцлаве (Польшча). Нядаўна яна абараніла там магістарскую дысертацыю і вярнулася ў Гомель.

У сувязі з 15-суткавым арыштам былой сваёй студэнткі выкладчыкі і студэнты польскай вну выказалі пратэст.


Няма запісаў для адлюстравання