Ці патрэбны жывыя шлагбаумы на дарогах?

329

У мінулую нядзелю я ехаў на легкавіку па Магілёўскай шашы ў кірунку Мінска. Прыкладна за кіламетраў пятнаццаць да МКАД трапіў у велізарны затор, які рухаўся вельмі марудна. Падумалася пра аварыю на дарозе. Праз пэўны час я на першай хуткасці дапхаўся да дарожнай развязкі ў Прывольным (там транспартныя патокі разыходзяцца на Брэст і Маскву). І якое было маё здзіўленне, калі замест аварыі я пабачыў дзве машыны ДАІ, якія наглуха перакрылі Магілёўку. Уезд у Мінск быў закрыты на далёкім пад’ездзе да горада! Даішнікі свае дзеянні тлумачылі тым, што Партызанскі праспект “захапілі фанатыкі-дэманстранты”. Але да тых дэманстрантаў было кіламетраў дваццаць!

Навошта было перакрываць аўтастраду? Для людской бяспекі хапіла б заслону пасля МКАД (па кальцавой людзі маглі б раз’ехацца ў любыя раёны Мінска). Мне думаецца – каб пазлаваць людзей, скіраваць іх гнеў на тых, хто вось ужо трэці месяц выходзіць на мірныя шэсці, пратэстуючы супраць фальсіфікацый на выбарах. І вадзіцелі сапраўды разгневаліся. Але не на дэманстрантаў, а на даішнікаў і на тых, хто іх паставіў пасярод дарогі.

Пажылы шафёр смеццявоза пагражаў адвезці смецце проста пад рэзідэнцыю Лукашэнкі. Вадзіцель бетонамяшалкі крычаў, што не давязе раствор у аб’езд (прапаноўвалася заязджаць у Мінск з боку Магілёва праз Слуцкую шашу!) і згрузіць яго проста перад пастом ДАІ. Пасажыры маршруткі лаялі на чым свет стаіць “былога прэзідэнта”. І ледзь не ўсе машыны сігналілі. Тысячы аўто! Уяўляеце, якая какафонія стаяла на ўсё наваколле? Думаю, што жыхары Прывольнага, Лугавой Слабады ды іншых прыдарожных паселішчаў былі далёка не ў захапленні.

Чарговая правакацыя ўлады чарговым разам спрацавала супраць самой улады. Чамусьці ў яе ёсць дзіўная звычка – зноў і зноў наступаць на граблі, хоць тыя граблі кожнага разу б’юць тую ўладу па ілбе. Проста садамазахізм нейкі. Што ж, гэта апазіцыі на руку.

Але мне незразумела, чаму апазіцыя пачала займацца тым самым – перакрываць дарогі? Вось і на асобных тэлеграм-каналах заклікаюць пратэстоўцаў станавіцца жывымі шлагбаумамі і паралізоўваць рух на аўтатрасах. І сям-там апошнім часам такія жывыя шлагбаумы з’яўляліся на дарогах і сталічных праспектах. Ды яшчэ пад лозунгам “Праязджай, калі падтрымліваеш арышты і гвалт”.

Па-мойму, гэта абсалютна непрадуманыя дзеянні. Ці мала хто па той дарозе едзе: хтосьці цяжарную жонку ў раддом вязе, хтосьці на пахаванне кіруецца, а хтосьці спяшаецца па іншых жыццёва неабходных справах. А тут – раз, жывы шлагбаум, і праз дзесяць хвілін на дарозе неразбярыха і вавілонскае стаўпатварэнне. Яшчэ добра, калі той жывы ланцуг на кавалкі не парвуць…

На маю думку, падобную практыку трэба неадкладна спыніць. Хто гэтым займаецца – або правакатары, або проста недалёкія людзі.

Забастоўкі, мірныя шэсці – вось, як паказала практыка, дзейсныя спосабы пратэсту. І калі сталічны праспект перакрывае статысячная грамада, таму што ёй не прайсці па тратуарах, – гэта зусім іншая справа. А калі дзесяцёра маладзёнаў з бел-чырвона-белым сцягам блакіруюць аўтастраду, гэта, лічу, прыносіць шкоду ўсяму пратэстнаму руху. І б’е рыкашэтам па ўсёй агульнанароднай кансалідацыі, якая назіраецца ў Беларусі пасля 9 жніўня.

Публікацыя – з № 84 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання