Аблава на гомельскіх “партызан”

661
Каля адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, фота ананімнага чытача сайта
Каля адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, фота ананімнага чытача сайта "Флагшток"

У Навабеліцкім раёне Гомеля міліцыя 22 кастрычніка затрымала і даставіла ў ізалятар часовага ўтрымання як мінімум сем жыхароў горада. Раніцай у гэты дзень у мясцовых тэлеграм-чатах з’явілася фатаграфія, на якой невядомыя стаялі з бел-чырвона-белым сцягам на фоне будынка раённай адміністрацыі. З гэтай прычыны міліцыянеры і АМАП учынілі аблаву на навабеліцкіх “партызан”.

Валанцёры паведамляюць, што ў ліку затрыманых апынулася і Таццяна Бачурная, маці, якая адна выхоўвае непаўнагадовае дзіця. Раней яе затрымлівалі і штрафавалі за збор подпісаў на адклiканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Навабеліцкага раёна Вольгі Крэч.

Бачурную зноў будуць судзіць. Суд чакае і затрыманых падчас аблавы Аксану Ліхадзіеўскую і Наталлю Глазкову. За здымак са сцягам каля адміністрацыі “моцную палову” пакаралі ужо праз суд: Вячаслаў Бадуноў і Ілля Харонжа атрымалі па 15 сутак, Уладзімір Сарокін – 10.

Стала вядома і пра затрыманне ўвечары 21 кастрычніка 43-гадовага жыхара абласнога цэнтра Станіслава Мачалава, якога суд Савецкага раёна на наступны дзень пакараў арыштам на 15 сутак. Пры затрыманні ў 43-гадовага мужчыны знайшлі ў заплечніку “няправільны” сцяг. Фатаграфаванне з бел-чырвона-белым сцягам каля раённай адміністрацыі прызнана ўдзелам у несанкцыянаваным мітынгу. Апроч таго, Станіслава абвінавацілі яшчэ і ў непадпарадкаванні міліцыі.


Няма запісаў для адлюстравання