Аўтазак для Янкі Купалы

629
Курапаты не абысці, не аб’ехаць…
Міхась Скобла

Праходзячы міма анямелага і пакінутага музамі Купалаўскага тэатра, я намагаюся ўявіць на яго сцэне заяўленых у юбілейнай афішы “Тутэйшых” і – не магу, не атрымліваецца. Скажам, у ранейшай пастаноўцы Мікалая Пінігіна ў фінале над сцэнай узнімаўся пад царкоўныя песняспевы і воклічы з залы “Жыве Беларусь!” вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Цяпер такое можа стацца? Не. А калі б і сталася, то мітрапаліт Веньямін ад абурэння зазваніў бы ва ўсе званы, а сцяг прыехала б здымаць аўтавышка з генералам Караевым у люльцы.

Зноў жа, галоўны герой “Тутэйшых” Мікіта Зносак вам нікога не напамінае? То ён перад немцамі лістам сцелецца, то перад рускімі ў лёстачках рассыпаецца, то раптам свядомым беларусам прыкідваецца. У залежнасці ад таго, якая на двары “політычная сытуацыя”.

Кім Зносак ёсць насамрэч – ён і сам не ведае. Але як жа пазнавальна гучаць, як перагукваюцца з днём сённяшнім яго маналогі, выпісаныя стагоддзе таму Янкам Купалам! “Як істы рускі патрыот, я змушаны пакуль што стаяць тут на варце рускаісцінных інтарэсаў!” “Эх, каб быў я, меджду протчым, царом, завёў бы ад Смаленску да Бэрліну адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе прыпяваючы…”

І такіх красамоўных паралеляў з сучаснасцю ў “Тутэйшых” – тры мяхі пад завязку. Таму амаль падрыхтаваны спектакль, як мне бачыцца, вісеў на валаску. Забараніць яго (не афіцыйна, вядома ж) гэтая ўлада проста мусіла б. Як забараніла ў 2002-м, спаслаўшыся на аварыйную зношанасць дэкарацый.

А тут выбары, пратэсты, звальненне Паўла Латушкі, бунт акцёраў – і Міністэрства культуры, якім сёння кіруе не паважаны не толькі мною Юрый Бондар, з нейкай проста янычарскай рашучасцю прыкрыла ўвесь тэатр. І цяпер задаволена назірае, як па легендарнай сцэне скачуць бессаромныя “Харошкі”, а “Тутэйшых” звольненыя акцёры паказваюць у нейкіх патаемных ангарах.

З’явіўся спектакль (цалкам) і ў інтэрнэце. За першы тыдзень яго праглядзела больш за 270.000 чалавек. А гэта амаль тысяча аншлагаў у Купалаўскім! Так што няма ліха без дабра – “Тутэйшыя” шчыльнымі радамі пайшлі ў народ, у масы, іх цяпер можна пабачыць на любым хутары.

Я добра помню трыумфальную прэм’еру “Тутэйшых” у 1990 годзе – яшчэ ў БССР. З узыходзячай зоркай – Віктарам Манаевым – у ролі Мікіты Зноска. Так, гэта быў яго спектакль (не ў крыўду рэжысёру і другім акцёрам), і ён іграў проста неверагодна. Тых “Тутэйшых” хацелася пабачыць яшчэ раз, звадзіць у тэатр сяброў і знаёмцаў, каб разам з імі адчуць незвычайную глядацкую радасць – радасць супольнага перажывання.

Я хваляваўся за новага Зноска – Паўла Харланчука-Южакова. Ці справіцца, ці вытрымае шалёную для яго героя дынаміку п’есы? Перажываў я дарма. Акцёр справіўся. Ён выціснуў сябе на сцэне дарэшты, як лімон, з яго сем патоў сышло (літаральна). Хоць, падазраю, у параўнанні са сваім папярэднікам Паўлу было нашмат цяжэй, давялося больш працаваць над мімікай, маючы ад прыроды зусім не прайдзісветаўскі выраз твару.

У ранейшых “Тутэйшых” задужа парадыйна выглядаў Янка Здольнік (у выкананні Аляксандра Лабуша). У Купалы гэты вобраз усё ж не парадыйны, больш рамантычны, у меру наіўны, а пры патрэбе – сабе наўме. І Міхась Зуй таленавіта вярнуў настаўніку Здольніку купалаўскі характар. Як Зносак ні спіхваў яго ў “дырэктары беларускай басоты” – не атрымалася.

Удала мадэрнізавала ролю Насты Пабягунскай Дзіяна Камінская. Яе гераіня выглядае “вішанькай на торце” сярод менскай брахалаўкі – апетытнай, інтрыгоўнай і прывабнай, такіх паклоннікі гатовы гадзінамі чакаць каля службовага выхаду.

З першага з’яўлення захапляюць у палон сваёй харызматыкай Заходні і Усходні журналісты (у Купалы – вучоныя) – Аляксандр Казела і Андрэй Дробыш. Яны проста са скуры вылузваюцца, цягнучы кожны ў свой бок падатлівага на першы погляд Здольніка, і якраз для іх абмалёўкі Купала не шкадуе з’едлівасці і парадыйнасці. І трапна знойдзеная Усходнім журналістам акцэнтацыя ў слове “белаРУС” (яно шматкроць паўтараецца) дадае патрэбнага эфекту.

Але да гэтай пáры (і, зразумела, да шаноўнага Мікалая Пінігіна) у мяне ёсць адна крытычная заўвага. Купалам для прыхадняў-вучоных напісаны шыкоўныя маналогі – смешныя, псеўдагістарычныя, гратэскавыя. Навошта было дапісваць класіку дзве абразлівыя рэплікі: “Мóскаль кляты!” – “Пшэк ср…ны!”? Мне яны разанулі слых і падаліся лішнімі.

Пераканаўча глядзяцца і героі Дзмітрыя Есяневіча – акупанты-“абскубанды” Немец і Чырвонаармеец. Дарэмна Зносак просіць у “чырвонага благародзія” чэк на свой арышт, а маці (Алена Сідарава) умольвае не змікіціць яе Мікітку. Вартага жалю калежскага рэгістратара забіраюць з хаты ў адных падштаніках…

Хто там даводзіў па гамбургскім рахунку, што Купала састарэў і неактуальны? Ён актуальны, як ніколі! Таму антыбеларуская па сваёй сутнасці лукашэнкаўская ўлада яго – нацыянальнага паэта №1 – на дух не пераносіць. Дзяржаўную прэмію імя Купалы фактычна адмяніла. Мастацкі фільм “Купала” на кінаэкраны не дапускае. Тую ж трагікамедыю “Тутэйшыя” са школьных падручнікаў ужо даўно выкінула.

Увогуле, шматпакутных “Тутэйшых” хоць у кнігу рэкордаў занось – улада забараняла іх ажно шэсць разоў (даходзіла да таго, што кнігу з п’есай рэзалі на макулатуру). І – я перакананы – забараніла б і сёмы. Дзякуй купалаўцам – яны выратавалі спектакль, вынеслі яго ў сабе з закрытага на прастой тэатра.

Шкада “затрыманых” там дэкарацый і касцюмаў, затое без іх увагу гледачоў нішто не адцягвае – акцёрская праца бачна, як на рэнтгене. Ці ў спехам абсталяваным ангары, ці проста ў двары дзе-небудзь у Новай Баравой.

Я спрабую ўявіць, як на такі народны прагляд завітаў сам аўтар, стаіць сабе збоку з кавенькай, усміхаецца ў вусы. А тут раптам мегафоннае папярэджанне пра “несанкцыянаванае мерапрыемства”, аблава, хапун і амбалы ў чорных масках: “Пройдемте в автозак”. І павезлі Купалу на Акрэсціна…

Вось гэта мне ўяўляецца лёгка, бо першы народны паэт у часы цяжкіх выпрабаванняў павінен быць з народам. Без усякага “меджду протчым”.

Публікацыя – з № 84 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання