У Гомелі развіталіся з выбітным палітыкам і дзяржаўным дзеячам Юрыем Варонежцавым

348
Юрый Варонежцаў. Фота з адкрытых крыніц
Юрый Варонежцаў. Фота з адкрытых крыніц

22 кастрычніка дэмакратычная супольнасць Гомеля развіталася з палітыкам, навукоўцам, былым адказным сакратаром Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савета СССР Юрыем Іванавічам Варонежцавым. 

Да свайго 65-годдзя ён не дажыў два месяцы і два дні – памёр ад анкалагічнага захворвання пасля аперацыі і 24 курсаў хіміятэрапіі. Не, на гомельскіх анколагаў, па вялікім рахунку, ён не наракаў. Наадварот, казаў, што іх старанні падоўжылі яму жыццё на добры дзясятак гадоў. Ведаю гэта з яго слоў: мы працяглы час жылі ў адным двары, а апошнія гады – у адным доме.

Ён не збіраўся сыходзіць, меўся пазмагацца яшчэ з цяжкай немачу. У мінулую нядзелю патэлефанаваў, сказаў, што пасля апошняй “хіміі” ляжыць пластом, і папрасіў надрукаваць ліст у міліцыю. За пару дзён да гэтага невядомыя злыдні ўкралі ноччу з яго аўтамашыны Toyota, якая мела знак “інвалід”, два колавыя каўпакі.

Вялікай надзеі на станоўчы вынік ліста ў міліцыю Юрый не ўскладваў, проста прытрымліваўся пэўнай завершанасці ў любой справе. Гэта ў яго ад навукоўца. Па прынцыпе “адмоўны вынік – таксама вынік”.

У Гомелі кар’ера выпускніка фізічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта складвалася даволі паспяхова. Працуючы ў Інстытуце механікі металапалімерных сістэм, абараніў кандыдацкую дысертацыю, ачольваў маладзёжнае навукова-тэхнічнае таварыства рэгіёна. Юрый аўтар 32 вынаходніцтваў, 2 манаграфій і каля 50 навуковых публікацый.

У 1989 годзе ў час гарбачоўскай перабудовы імя маладога навукоўца стала вядомае шырокай грамадскасці: Варонежцава абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

Паплечнік і аднадумца Юрыя, выбітны палітык і грамадскі дзеяч Віктар Карняенка, які тады таксама атрымаў мандат народнага дэпутата, лічыць, што ўжо ў той час Варонежцаў меў цвёрдыя дэмакратычныя перакананні. Яны разам далучыліся да першай апазіцыі ў органах улады ў познім СССР – Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Патэнцыял Юрыя яскрава раскрыўся ў працы камітэта экалогіі ВС СССР, асабліва ў пытаннях, звязаных з наступствамі чарнобыльскай катастрофы. Варонежцаў быў адказным сакратаром камісіі ВС дзеля расследавання прычын і наступстваў катастрофы, ацэнкі дзейнасці службовых асоб у паслячарнобыльскі перыяд, а таксама адным з асноўных распрацоўшчыкаў першага закону аб сацыяльнай абароне ахвяр той трагедыі. Як слушна заўважае Карняенка, Юрый і застаўся паслядоўным у пытаннях бяспекі ядзернай энергетыкі і ўсімі магчымымі сродкамі выступаў супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Больш за тое, ён адкрыта заяўляў пра бессэнсоўнасць такога кроку, бо гэта “на мяжы ідыятызму”.

Калі прыхільнікі будаўніцтва АЭС казалі пра танную электраэнергію і меншую залежнасць ад расійскіх энерганосьбітаў, Варонежцаў у сваіх публікацыях і  каментарыях даказваў, што ў сабекошт энергіі трэба ўключаць і расходы на працяглы вывад АЭС з эксплуатацыі і захаванне ядзерных адкідаў, а залежнасць ад усходняй суседкі з пабудовай станцыі толькі павялічыцца. Сілкавацца АЭС наканавана цеплавыдзяляльнымі зборкамі, якія можна будзе набыць толькі ў адным месцы свету – у расійскай карпарацыі “Твэл”. Нічога іншага туды нельга будзе засунуць. Да таго ж  уран праз 50 гадоў у свеце заканчваецца, дык навошта, пытаўся навуковец, ставіць станцыю, якая забрудзіць усю нашу тэрыторыю радыеактыўнымі адкідамі?

У фізіка Варонежцава журналістам можна было заўсёды атрымаць прафесійны каментарый практычна па любой праблеме, звязанай з наступствамі ядзернай катастрофы. Вось, маўляў, людзі на заражаных радыяцыяй тэрыторыях атрымліваюць малую дозу апраменьвання, глеба ачышчаецца, таму і “пераводзяцца”  распараджэннямі ды ўказамі населеныя пункты з “брудных” у чыстыя. Але ж, як зазначаў навуковец, не ўлічваецца тая доза, якую людзі атрымалі ў папярэднія гады. Тыя, каму цяпер за 30 гадоў, з маленства ўдыхалі хіба не палову табліцы Мендзялеева. Яны атрымалі страшэнны ўдар па арганізму, і асабліва па эндакрыннай сістэме.

Варонежцаў і сам пісаў аналітычныя і публіцыстычныя артыкулы ў “Знамя юности”, “Народную Волю”, выступаў на “Радыё Свабода”, таму ў 1999 годзе і стаў членам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У незалежнай Беларусі Юрый Варонежцаў займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, быў у ліку заснавальнікаў цяперашняй Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ачольваў рэгіянальныя структуры фондаў Сораса і Льва Сапегі, падтрымліваў навукоўцаў, творчую інтэлігенцыю, а яшчэ быў паліттэхнолагам, кансультантам на выбарах у шэрагу беларускіх і расійскіх палітыкаў. За што б ён ні браўся, яму ўсё ўдавалася – бацькі і прырода надзялілі яго рознабаковымі якасцямі і здольнасцямі.

Юрый з жонкай Ларысай выгадавалі сына і дачку – яны ўжо дарослыя.

Дбаў Юрый і пра дом, дзе жыў. Трэба было аднавіць знешні выгляд дома – ён сядаў і пісаў лісты ў гарадскія выканаўчыя органы, заручаўся подпісамі суседзяў. Не адступаў, пакуль не даводзіў справу да лагічнага завяршэння.

Развітанне ў двары дома, дзе жыў Варонежцаў
Развітанне ў двары дома, дзе жыў Варонежцаў

Аднойчы камунальнікі раскапалі наш двор, каб рамантаваць цеплатрасу. Пры гэтым выкапалі адзін з клёнаў. Юрый узяў у цесця “Жыгулі”, і мы паехалі за горад. Знайшлі і выкапалі ў разналессі тры маладыя клёнікі і пасадзілі іх у дадатак да ацалелых. І вось сёння, калі родныя і сябры развітваліся з Юрыем Іванавічам, рослыя клёны скідвалі сваё залатое лісце, усцілаючы апошні шлях выбітнаму грамадзяніну, навукоўцу, палітыку і проста выдатнаму чалавеку.

Адпяванне ў саборы Пятра і Паўла
Адпяванне ў саборы Пятра і Паўла

Пахавалі Юрыя Варонежцава на гарадскіх могілках “Асаўцы”.

На могілках "Асаўцы"
На могілках “Асаўцы”

Няма запісаў для адлюстравання