Гродзенскі дзіцячы хоспіс выганяюць на вуліцу: ісці няма куды

333
Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

22 кастрычніка служба фінансавых расследаванняў з санкцыі пракурора правяла агляд памяшканняў Гродзенскага дзіцячага хоспіса. З хоспісам скасоўваюць дагавор арэнды. Ісці няма куды.

Служба фінансавых расследаванняў праводзіць праверку ў дачыненні да работнікаў дзіцячага хоспіса па фактах заніжэння базы, якая абкладаецца падаткам, і ўхілення ад выплаты сум падаткаў.

Пра гэта “Народнай Волі” паведаміла дырэктар Гродзенскага хоспіса Вольга Вялічка. Якія-небудзь канкрэтныя факты па гэтай справе пакуль невядомыя.

Аднак сёння мясцовыя СМІ паведамілі, што дзіцячая паліклініка № 2 у Гродне, дзе арандуе памяшканне дзіцячы хоспіс, з 23 снежня спыняе з ім дагавор арэнды.

Прычыну ў лісце да дырэктара хоспіса патлумачыла намеснік галоўнага ўрача паліклінікі Ірына Голуб – эпідэміялагічная сітуацыя, у сувязі з якой памяшканні будуць выкарыстоўвацца для арганізацыі працы з хворымі на COVID-19.

Вольга Вялічка здзіўлена, што прычынай скасавання кантракта можа быць эпідэміялагічная сітуацыя, паколькі, па афіцыйных звестках Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі невялікі прырост хворых на каранавірус. Паводле яе слоў, юрысты спрабуюць абскардзіць гэтае рашэнне, паколькі іншага памяшкання ў хоспіса папросту няма.

Дарэчы, зусім нядаўна была выселена сацыяльная майстэрня хоспіса, дзе інваліды і валанцёры шылі медыцынскія маскі і іншыя сродкі індывідуальнай абароны для гродзенскіх дактароў. Памяшканне арандавалі ў камбіната школьнага харчавання, да гэтага яно пуставала некалькі гадоў, але раптам спатрэбілася.

Нагадаем, што нядаўна Вольга Вялічка была аштрафавана судом на 405 рублёў нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пад ім мелася на ўвазе дабрачынная акцыя хоспіса ў адным з мікрараёнаў горада: дырэктар распавядала жыхарам, як можна дапамагаць цяжка хворым дзецям.

На яе склалі пратакол без яе ўдзелу, яна адмовілася яго падпісваць, адвакат у судзе прапанавала спыніць справу, але суд прыняў іншае рашэнне.

Гродзенскі дзіцячы хоспіс Святога Губерта працуе ўжо 13 год. Хоспіс не з’яўляецца дзяржаўнай установай, а існуе на ахвяраванні грамадзян. Тут аказваюць медыка-сацыяльную, псіхалагічную і духоўную дапамогу невылечна хворым дзецям амаль з 70 сямей.

У хоспісе дзеці з анкалагічнымі і генетычнымі захворваннямі, з паталогіямі нервовай сістэмы. У сацыяльнай майстэрні хоспіса ад самага пачатку з’яўлення каранавіруса валанцёры і дзеці-інваліды шылі індывідуальныя абаронныя сродкі для медыкаў, гэтым самым стараючыся быць карыснымі свайму грамадству.


Няма запісаў для адлюстравання