“Украінскі” эксперт БТ па Беларусі даўно жыве ў Расіі

264
“Украінскі” эксперт БТ па Беларусі даўно жыве ў Расіі
Юрый Кот / "Фэйсбук"

З канца верасня ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь 1” з’яўляецца дагэтуль не вядомы беларускай публіцы “ўкраінскі палітолаг” Юрый Кот. Яго канёк — крытыка праціўнікаў Лукашэнкі, перадае Еўрарадыё.

— Людзей абурае, што пратэстоўцы ўзурпавалі само паняцце беларускага народа і кажуць, нібыта яны народ. А як жа быць з астатнімі? А як жа быць з тымі людзьмі, якія не згодныя з вамі, яны што — не народ? Ці, можа быць, яны проста ніжэйшая каста гэтага народа? — фантазіруе Кот у ранішнім выпуску навін па “Беларусь 1”. — Тут папахвае фашызмам у чыстым выглядзе, ідзе падзел людзей на звышлюдзей і не людзей.

— Вы павінны разумець, што ўсе гэтыя хлопцы, якія сёння патрабуюць правоў, свабод і спрабуюць з сябе ўяўляць у белай вопратцы, з кветачкамі лагодных людзей, на самай справе гэтыя людзі з’яўляюцца заўзятымі тыранамі, якія гатовы парушаць закон так, як ім трэба, толькі б дамагчыся свайго выніку, — яшчэ адзін яго выступ у вечаровым эфіры беларускага дзяржТБ.

Мы прыгледзеліся да гэтага персанажа. Выявілася, што ўжо больш за 5 гадоў ён жыве ў Расіі і мае дачыненне да выданняў, якія супярэчаць афіцыйнаму Кіеву. Але на БТ яго прадстаўляюць менавіта ўкраінскім палітолагам — відаць, каб паказаць, што і ва Украіне беларускіх пратэстоўцаў не падтрымліваюць. Хто ён, гэты Юрый Кот?

“Украінскі” эксперт БТ па Беларусі даўно жыве ў Расіі
Юрый Кот / v.img.com.ua

Педагог, дыктар, твар латарэі

Юрыю Кату 44 гады. Ён нарадзіўся ў Жытоміры, там атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі. Па першай ён педагог — у студэнцкія часы аналізаваў пераклады твораў Адама Міцкевіча на ўкраінскую мову, пасля выкладаў украінскую літаратуру. Другая ягоная адукацыя — бліжэйшая да таго, што ён цяпер робіць. Кот атрымаў дыплом тэатральнага інстытута.

Потым будучы “палітолаг” з’ехаў у Кіеў, каб стаць тэлезоркай. Працаваў на розных каналах, нават прайшоў кастынг на дыктара “Інтэра”. Тамсама быў вядоўцам шоу “Усё для цябе”, дзе дапамагаў закаханым рабіць прапановы да шлюбу. Нейкі час працаваў тварам тэлевізійнай латарэі.

Адбіткі таго перыяду дагэтуль можна знайсці на ютуб-канале Юрыя Ката. Найчасцей ён выступае там як “палітычны эксперт”, але час ад часу там публікуюцца і невялікія відэа, на якіх ён рамантычна глядзіць у неба ды чытае вершы.

Арганізатар “Несмяротнага палка”

У палітыку Кот пайшоў падчас “Рэвалюцыі годнасці” ва Украіне: шоўмен быў вядоўцам “Антымайдана” — мітынгаў, якія ў 2013–2014 гадах праводзілі дзеля падтрымкі Віктара Януковіча.

У сярэдзіне рэвалюцыі ён з’ехаў з Украіны ды асталяваўся ў Расіі, дзе адразу пачаў працаваць на праекце “Україна.ру”, запушчаным МІА “Россия сегодня”. Спасылкі на гэты пракрамлёўскі СМІ і эксперты з яго пастаянна мільгаюць у беларускай медыяпрасторы. Асабліва пасля таго, як у жніўні ў Беларусь прыехалі працаваць тэлевізійнікі з канала RT, які таксама ўваходзіць у МІА “Россия сегодня”.

Кот супрацоўнічаў з яшчэ адным адыёзным парталам — News Front, а паралельна стаў прэс-сакратаром “Камітэта ратавання Украіны”, які ў Маскве стварыў украінскі прэм’ер часоў Януковіча Мікалай Азараў. Ёсць звесткі пра супрацу Ката яшчэ з некалькімі малавядомымі “асацыяцыямі” ды “фондамі”. У 2017 годзе “палітолаг” спрабаваў правесці ва Украіне “Несмяротны полк”.

Юрый Кот — часты госць на расійскам тэлебачанні. Фрагменты праграм са сваім удзелам ён публікуе на старонцы на “Ютубе”, дзе за творчасцю “палітолага” сочыць каля 5 тысяч чалавек. Адной са сваіх мэт ён называе “барацьбу з ілжывай нацысцкай прапагандай”.

Апошнія пару месяцаў “украінскі палітолаг”, які жыве ў Расіі, актыўна каментуе беларускія падзеі. Апошні на гэты момант допіс у “Фэйсбуку” па “беларускай тэматыцы”: “Ціханоўская — лялька ў руках Захаду. Яна не ездзіць [на сустрэчы з заходнімі палітыкамі. — Еўрарадыё], а яе возяць. Ціханоўская ўжо даўно гаворыць чужыя тэксты і выконвае чужыя жаданні. Здаецца, яе ўзялі ў закладнікі”. Украінец з Расіі паглядзеў і ва ўсім разабраўся. Разыходзімся.

У “Википедии” (дзе, магчыма, Юрый Кот асабіста рэдагуе ўласную старонку), ягоныя рэгаліі пералічаныя ў такім парадку: шоўмен, акцёр, тэлевядоўца, кінарэжысёр, сцэнарыст, стваральнік арт-холдынга, грамадскі дзеяч і (увага!), эксперт расійскага ТБ. Цяпер можна дадаць — і беларускага.


Няма запісаў для адлюстравання