«Мне зычылі смерці, па тысячы паведамленняў на дзень». Ад спецназаўца, які трапіў на векапомнае фота, сышла жонка

213

Векапомны здымак, на якім у ноч на 10 жніўня разгублены сілавік стаіць над беспрытомным дэманстрантам Яўгенам Заічкіным, абляцеў увесь свет, піша Наша Ніва.

«Адпусці яго, што ты робіш?!» — крычаць людзі сілавіку, у якім пасля пазналі афіцэра ўнутраных войскаў Цімура Грышко. «Я яго адпусціў! Вы хуткую выклікайце, дэбілы!» — крычыць ён у адказ.

Тэлеграм-каналы вырашылі, што Заічкін памёр — гэта аказалася няпраўдай. Пасля дзяржаўныя СМІ паведамілі, што хлопец быў п’яны ці пад наркотыкамі, але выпіска з бальніцы сведчыць пра адваротнае.

Тым не менш Цімур Грышко праславіўся на ўсю краіну. А ў сярэдзіне верасня, на піку ўсведамлення грамадствам таго, што нарабілі сілавыя структуры, яго жонка, фітнэс-трэнерка, чэмпіёнка Беларусі па бодзібілдынгу Лілія Салімгарэева падала на развод.

20 кастрычніка адбылося канчатковае пасяджэнне суда. Пасля яго Лілія Салімгарэева патлумачыла «Нашай Ніве» сітуацыю.

«Мне зычылі смерці, па тысячы паведамленняў на дзень». Ад спецназаўца, які трапіў на векапомнае фота, сышла жонка

«Наша Ніва»: Вы сёння развяліся ці вырашылі адкруціць сітуацыю назад?

Лілія Салімгарэева: Сёння быў суд, я развялася.

«Наша Ніва»: Патлумачце свае матывы, калі ласка.

Лілія Салімгарэева: Таму што так дагодна грамадству, так будзе лепш для мяне і для яго. Вельмі складана пераносіць такое цкаванне, мне зычылі смерці, па тысячы паведамленняў у дзень, пісалі: «Каб ты падохла». Так мне будзе і лепей, і бяспечней.

«Наша Ніва»: Па вашым голасе чутно, што вы расстроеныя сітуацыяй. За што вам зычылі смерці?

Лілія Салімгарэева: Быццам бы гэта я хаджу [на вуліцы] і стала ваеннай. А людзі так думалі. Спачатку я рыдала і забівалася, а потым пачала адказваць: «І вам туды ж». Гэта ненармальна так казаць! Я ўжо пісала, што вы паступаеце гэтак жа, як «чырвона-зялёныя», толькі душыце маральна, а тыя — фізічна. Я стамілася. Дагэтуль мне пішуць, вельмі цяжка гэта ўсё выносіць і ўсведамляць.

«Наша Ніва»: Скажыце, калі б не было жнівеньскай сітуацыі, ці захаваўся б ваш шлюб? Ці ўсё і так ішло да разводу?

Лілія Салімгарэева: Каб у нас было ўсё кепска? Не, я такога не скажу. Напэўна, разводу б не было.


Няма запісаў для адлюстравання