Гомельскі актывіст замест медыцынскай дапамогі атрымаў 15 сутак арышту

37
Валерый Сляпухін і суд Цэнтральнага раёна Гомеля
Валерый Сляпухін і суд Цэнтральнага раёна Гомеля

21 кастрычніка суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч пакараў арыштам на 15 сутак грамадскага актывіста Валерыя Сляпухіна за непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАП.

Сляпухіна затрымалі 18 кастрычніка паблізу скрыжавання вуліц Савецкай і Жаркоўскага і адправілі ў ізалятар. У гэты дзень не было пратэстнага маршу як такога, гараджане гулялі па вуліцы Савецкай, у руках многіх жанчын былі кветкі.

Бацька актывіста Васіль Сляпухін паведаміў, што на другі дзень пасля затрымання Валерыя вазілі ў ДАІ, дзе склалі адміністрацыйны пратакол за няправільны пераход вуліцы, а ўжо сёння судзілі за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў – па артыкуле 23.4 КаАП. Гэта ўжо трэці арышт актывіста пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Непадпарадкаванне Валерый прызнаў часткова. Паводле слоў актывіста, супрацоўнікі АМАП заявілі, што ён няправільна перайшоў вуліцу, але, нягледзячы на патрабаванне, ДАІ не выклікалі, сябе не называлі.

“Яны прымянялі да мяне фізічную сілу – выкручвалі рукі, білі ў жывот, па нагах і пашкодзілі вока. Я прасіў медыцынскай дапамогі, але яе не атрымаў”, – распавёў у судзе Сляпухін.

Актывіст хадайнічаў, каб суд запатрабаваў запісы нагрудных рэгістратараў амапаўцаў, якія фіксавалі ўсё, што было да затрымання і ў час яго. Аднак у судзе як доказ правапарушэння актывіста дэманстравалі відэа з тэлеграм-канала Nexta, які на днях быў прызнаны экстрэмісцкім.


Няма запісаў для адлюстравання