Вырвем запалкі з рук падпальшчыкаў грамадзянскай вайны!

1116
Вырвем запалкі з рук падпальшчыкаў грамадзянскай вайны!
Фота https://www.google.by

Казённая прапаганда ківае на замежжа: маўляў, паліцыя там таксама не цырымоніцца. Правільна, не цырымоніцца з тымі, хто б’е шыбы, рабуе крамы. Пакажыце хоць адну разбітую вітрыну ў Мінску, іншых гарадах краіны. Абсалютна мірны пратэст. А калі цябе душаць, закідваюць святлошумавымі гранатамі, страляюць ва ўпор гумовымі кулямі, распыляюць у твар пярцовы газ і паліваюць бруднай вадой, то што застаецца рабіць, як не абараняцца голымі рукамі? Да гэтага часу не звольнены міністр унутраных спраў Караеў і міністр абароны Хрэнін. Мо таму, што прозвішчы ў іх красамоўныя і цалкам адпавядаюць маральнаму клімату ў падпарадкаваных ім структурах?

Ідэалагічная хеўра Лукашэнкі са скуры вылузваецца, каб даказаць, што бел-чырвона-белы сцяг падсунулі нямецкія акупанты, а пратэстоўцы – спадкаемцы паліцаяў. Той-сёй верыць гэтай лухце.

Белы колер – абсалютны колер святла, сімвалізуе чысціню і ахвярнасць, чырвоны колер – імпэт, агонь, рэвалюцыю. Бела-чырвоныя калоры засведчаны XVI стагоддзем – герб “Пагоня”. У 1918 годзе бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным сімвалам Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920–1930-я гады пад гэтым сцягам беларусы змагаліся з паланізатарамі.

Бел-чырвона-белы сцяг з 1991-га па 1995 год – дзяржаваўтваральны сімвал Рэспублікі Беларусь. Няўжо Лукашэнка забыўся, пад якім сцягам ён даваў прэзідэнцкую прысягу?

Датычна калабарантаў. Так, падчас гітлераўскай акупацыі яны хадзілі пад бел-чырвона-беламі сцягамі. Пярэваратні сваё атрымалі. Чамусьці такое пытанне ніхто не задае расіянам. Пад іх сённяшнім бела-сіне-чырвоным трыкалорам ваявала армія генерала-здрадніка Уласава. А колькі мільёнаў чалавек сталі ахвярамі сталінскага тэрору, калі бальшавіцкія забойцы неслі смерць пад чырвоным сцягам” Можна сказаць, такі сцяг вісіць сёння ў кабінетах высокіх беларускіх начальнікаў.

І яшчэ. Нацыянальны састаў салдат і афіцэраў, акрамя немцаў, узятых у палон Чырвонай Арміяй з 22 чэрвеня 1941 года па 9 Мая 1945-га: венгры – 513.757 тысяч; румыны – 187.370; аўстрыйцы – 156.682; чэхі і славакі – 69.280; палякі – 60.280; французы – 23.196; югаславы – 14.139; малдаване – 14.129; яўрэі – 10.173; галандцы – 4729; фіны – 2377; люксембуржцы – 1652; бельгійцы – 1010; датчане – 456; іспанцы – 452; цыгане – 383; нарвежцы – 101; шведы – 72. Гэта дадзеныя Генштаба СССР. Дык што, на падставе прыведзеных лічбаў адмаўляць Халакост і еўрапейскае антыфашысцкае супраціўленне? Няма народаў, як кажуць, белых і пушыстых.

Нацысты, каб хоць нейкім чынам задобрыць насельніцтва на захопленых тэрыторыях, ішлі на хітрыкі. У 1946 годзе ў Нью-Ёрку выйшла напісаная на падставе трафейных дакументаў навуковая праца М.Вайнрайха “Гітлераўскія прафесары”. У кнізе сказана: “В.Кубэ, намеснік фюрэра на Беларусі, у пісьме ад 16 снежня 1941 года з Мінска ў Рыгу на імя рэйхсміністра Х.Лозе просіць даслаць латышскіх і літоўскіх наёмнікаў для знішчэння яўрэяў, прывезеных з Еўропы…” Звычайная тактыка акупантаў: падзяляй народы, сутыкай іх ілбамі і кіруй.

Толькі апошнія нягоднікі могуць ставіць на адну дошку колішніх прыхільнікаў нацызму і сённяшніх актыўных, сумленных грамадзян. Дэманстранты не паслядоўнікі Гітлера, а прамыя нашчадкі змагароў з фашысцкай навалай. Рубам паўстае пытанне: нашчадкамі каго і чаго з’яўляюцца “хапуны” ў балаклавах? Спадзяюся, неўзабаве тысячы грамадзян Беларусі выйдуць на вуліцы з баявымі партрэтамі бацькоў, дзядоў і прадзедаў. І гэта будзе не полк – армія. Няхай паспрабуе якая-небудзь амапаўская пачвара парваць хоць адну сямейную рэліквію! На вуліцы і плошчы выйдуць мільёны. Не дамо прыватызаваць Перамогу! Вырвем запалкі з рук падпальшчыкаў грамадзянскай вайны!

Чаму вы, брыдотнікі, маўчалі, калі Брэсцкую крэпасць-герой спрабавалі ператварыць у забаўляльны цэнтр? Ля скульптурнай кампазіцыі “Мужнасць” планавалі вывешваць інсталяцыі. Дзе хоць адно абуральнае выступленне ў дзяржаўных СМІ? Чаму нават брывом не павяла Генпракуратура? Чаму аслеплі і анямелі “Белая Русь”, БСРМ, Саюз пісьменнікаў Беларусі і іншыя праўладныя грамадскія арганізацыі? Чаму вы, “ідэолагі”, не ўдарылі ў званы, калі Мінскі аблвыканкам пастанавіў браць тры рублі (на старыя грошы) за ўзыходжанне на Курган Славы? Роўна столькі каштавалі тады плёначныя бахілы, неабходныя пры наведванні бальніц. Можа, гэта вы, дэмагогі і двурушнікі, спынілі ўзвядзенне шматпавярховага будынка з выразнымі фалічнымі абрысамі (акругленая верхняя частка і электронны струмень) на месцы старога Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны? А хто змайстраваў так званую “Лінію Сталіна”? 26 ліпеня 1941 года нямецкія войскі прарвалі абарону Чырвонай Арміі ў раёне Рагачова. Гебельс, міністр прапаганды Трэцяга рэйха, у мэтах “духапад’ёмнасці” выдумаў “Лінію Сталіна”. І надалей ён знаходзіў гэтыя “лініі” на розных участках фронту – ад Кольскага паўвострава да Чорнага мора. Савецкае інфармбюро, газета “Красная звезда” не раз выкрывалі храманогага обер-прапагандыста. Падыміце, невукі, архівы, пачытайце дакументы і… здайце дзяржаўныя ўзнагароды, атрыманыя за ўзвядзенне “лініі”.

Публічная заява І.Залескага, дырэктара Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, зробленая некалькі гадоў таму (мова арыгінала): “Раньше Музей навещали ветераны, туристические группы. Теперь их везут на “Линию Сталина”. А Хатынь навещают по зову сердца. Некоторые прилетают самолетами, чтобы дети смогли увидеть всё своими глазами. Нет автобуса, раньше ходил. Нет альбома. Четверть бюджета Музея уходит на содержание милицейского поста…” Каментарыі не патрэбны.

Нікога не пакаралі за размяшчэнне “Бульбаш-хола” ўсутыч з Курапатамі. Хто загадаў летась у велікодныя дні (!) павырываць крыжы ў Курапатах?

Палітычныя пустадомкі выкраслілі з рэестра дзяржаўных святаў дзень аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі – 17 верасня 1939 года. Потым здзіўляюцца, калі нейкі польскі маргінал пачынае гаварыць аб вяртанні “крэсаў усходніх”. Вы ж самі яго правакуеце.

А з чыёй падачы быў перайменаваны праспект Машэрава? Відаць, адпомсцілі Пятру Міронавічу за тое, што Беларусь на ногі паставіў. За перыяд ягонага кіравання, з 1965-га па 1980 год, рэспубліка дабілася недасягальных для цяперашняй улады поспехаў у вытворчасці, будаўніцтве, культуры і мастацтве.

Хто і з якой мэтай прасоўваў “новы брэнд” беларускай сталіцы – белыя пакручастыя лініі на сінім фоне? Прымітыўная выява мікрасхемы. Аўтарка ідэі, замежная авантурыстка, паспела атрымаць некалькі тысяч еўра за “папярэднюю работу” і знікла за гарызонтам. Шмат хто з афіцыйных асоб прасоўваў яе “праект”.

Чым кіравалася “прэзідэнцкая” газета “Беларусь сегодня”, калі змяшчала наступнае: “Павлик Матросов телом своего отца закрыл амбразуру дота…”? А якія гумарысты працуюць на афіцыйным тэлебачанні: “Сидят и кушают бойцы товарищей своих…”

Вытрымкі з ліста пісьменніка У.Федасеенкі на імя прэзідэнта (мова арыгінала): “Уважаемый Александр Григорьевич! Я ветеран и инвалид Великой Отечественной войны. Награжден орденами Великой Отечественной войны первой степени, Красной Звезды, медалями “Партизану Великой Отечественной войны” первой и второй степеней, медалью Франциска Скорины. Автор четырех романов, посвященных борьбе белорусской молодежи против фашистских захватчиков и проблемам экологии. Несколько лет я пытаюсь переиздать хотя бы часть своих произведений, имеющих воспитательное значение для подрастающего поколения. Обратился к председателю СПБ Н.Чергинцу. Вместо того чтобы поддержать меня, он заявил, что мои романы никому не нужны… Однажды утром Чергинец звонит мне домой и спрашивает, как я умудрился в семнадцать лет получить высокие боевые награды. Видно, делать нечего, коль затеял проверку боевых наград ветеранов войны. Пусть не волнуется господин Чергинец, с наградными листами у меня полный порядок”.

Гэта той самы М.Чаргінец, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі правапарадку, бяспекі і абароны са штаб-кватэрай у Маскве? Той самы. “Акадэмікі” кляпалі самапальныя ордэны і медалі, па дызайне падобныя на сапраўдныя. Зразумела, не абышлося без карупцыйных схем. Згодлівая расійская Генпракуратура і тая змушана была закрыць шарашку з фармулёўкай “за дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады”. Дэталь: у Беларусі дзейнічае 10 творчых саюзаў. Датацыі і апартаменты мае толькі адзін – чаргінцоўскі СПБ. Рука руку мые.

Як бачым, “хапуны” ў чорным не на голым месцы ўзніклі. Дубінкі і газ – яскравы доказ маральнай і інтэлектуальнай дэградацыі кіроўнай “эліты”.

Публікацыя з 83 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання