Слонімскі актывіст просіць старшыню райвыканкама вызначыць дату круглага стала

18
Слонімскі райвыканкам
Слонімскі райвыканкам

Дзеля гэтага слонімец Віктар Марчык даслаў старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзю Хомічу пытанні, якія гараджане хацелі б абмеркаваць з прадстаўнікамі ўлады.

Марчык распавёў “Народнай Волі”, што ўлады самі выступілі ініцыятарамі такой сустрэчы яшчэ ў першыя дні пасля выбараў, калі на плошчы перад райвыканкамам збіраліся тысячы людзей.

Тады, на думку Марчыка, уладам хацелася аднаго, каб толькі народ разышоўся з плошчы. Актывісты абмеркавалі прапанову і даслалі ў райвыканкам адказ, у якім выказалі згоду на правядзенне круглага стала.

Паводле слоў Марчыка, яны напісалі, што найперш хочуць абмеркаваць пытанне аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў работнікамі Слонімскага РАУС і пераслед жыхароў горада за іх грамадзянскую пазіцыю.

Другое пытанне датычыцца розных умоў дзейнасці СМІ ў горадзе. А таксама гараджане згодны абмеркаваць іншыя пытанні, якія будуць узнікаць па ходзе сустрэчы.

Актывісты прапанавалі для ўдзелу ў круглым стале 20 сваіх прадстаўнікоў. Віктар Марчык настойліва папрасіў старшыню райвыканкама не зацягваць з правядзеннем гэтага мерапрыемства і папрасіў да 21 кастрычніка даць ім адказ.

“Дарэчы, у лісце мы напісалі, што калі адказу да 21 кастрычніка ўлады не дадуць, то мы будзем лічыць, што яны наўмысна з гэтым зацягваюць, – кажа Марчык. – А таму папярэдзілі: калі не будзе адказу, то 25 кастрычніка правядзём самі круглы стол на плошчы перад выканкамам. І запрасілі кіраўніцтва на сустрэчу”.

Марчык дапускае, што ўлады цяпер могуць адмовіцца ад сустрэчы з актывістамі, паколькі пратэстныя выхады людзей на вуліцы горада спынены рознымі сілавымі метадамі. Але актывіст кажа, што ад правядзення круглага стала на плошчы яны адмаўляцца не будуць.

Публікацыя з 83 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання