Слон і моські

23
Елена Левченко
Фото: БЕЛТА

Напрыканцы мінулага тыдня ля сталічнага ізалятара на Акрэсціна каля сотні чалавек чакалі выхаду на волю славутай беларускай спартсменкі Алены Леўчанка. Адна з лепшых баскетбалістак Беларусі і свету ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў была не на паказальнай экскурсіі, а адбывала 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

На нары яна трапіла толькі за тое, што вырашыла выступіць за праўду. Не супраць закона, а якраз-такі за яго выкананне, супраць фальсіфікацый падчас выбараў, супраць гвалту і рэпрэсій у дачыненні да тых людзей, якія не пагадзіліся моўчкі ўцерціся, калі падчас выбараў ім смачна плюнулі ў твар.

Вось і ўся віна Алены Леўчанка! Яна, як і сотні тысяч іншых, не бегала са зброяй па вуліцах, не разбівала вітрыны магазінаў, не пераварочвала машыны і не штурмавала дзяржаўныя ўстановы. Баскетбалістка проста сказала: “Перастаньце ілгаць і пры гэтым збіваць і забіваць тых, хто выступае супраць. Сумленне ёсць?”

Лена заўсёды была байцом і на спартыўнай пляцоўцы, і ў жыцці. Калі аднойчы яе паспрабавалі паставіць на месца і знялі са стаўкі ў міністэрстве, яна не маўчала і паказала сваё месца ў спорце чыноўнікам, многія з якіх сёння патрэбны спорту і спартсменам прыкладна гэтак жа, як сабаку пятая нага.

Падчас пандэміі Алена Леўчанка шчыра перажывала з нагоды сітуацыі, што склалася ў краіне, перадала паўтары тысячы масак у гомельскія бальніцы.

“Зараз вельмі няпростыя часы для нашых урачоў, – казала яна. – Але разам мы мацнейшыя і можам зрабіць многае”.

Калі пачалася выбарчая кампанія, аўтарытэтная спартсменка зноў выказала сваю грамадзянскую пазіцыю – заклікала да справядлівых выбараў і не разумела тых, хто казаў: “Краіну мы не аддадзім”.

“Беларусь нехта купіў? – здзіўлялася спартсменка (цытата pressball.by). – Яе ніхто ні ў кога не забірае. Паводле Канстытуцыі яна належыць народу. Яна наша! Мы ўсе хочам жыць у вольнай краіне, дзе можна выказваць сваё меркаванне, дзе няма гвалту…”

Алена Леўчанка – досыць аўтарытэтная ў свеце спорту асоба, і “моські” ад улады не стрымаліся, каб не ўкусіць за нагу. І ўдарылі не столькі па самой спартсменцы, бо ведаюць, што нават цяжкасці і нягоды, з якімі Лена сутыкнулася ў ізалятары (а былі і вошы ў камеры, і адсутнасць элементарных санітарных умоў), яе не зломяць. Ударылі найперш па бацьках Леўчанка, якія два тыдні яе арышту былі на нервах, а ў дзень вызвалення стаялі з самага ранку пад сценамі ізалятара. І заплакалі, калі даведаліся, што ў прызначаны час Лену не вызваляць, бо яе чакае яшчэ адзін суд і, магчыма, новы тэрмін зняволення.

На гэтым паскудствы не скончыліся: Алене нават не дазволілі выйсці да бацькоў і да тых, хто яе сустракаў, а таемна вывезлі на машыне, і толькі праз нейкі час Леўчанка паведаміла, дзе знаходзіцца.

Гэта быў такі паказальны працэс, набег дробных “мосек” на “Слана”, да якога гэтым самым “моськам” – як да Кітая ракам. Міліцыянеры, якія затрымлівалі Алену ў аэрапорце, суддзі, якія адпраўлялі яе ў камеру, супрацоўнікі ізалятара – яны толькі маленькія вінцікі ў сістэме; загад на арышт Алены Леўчанка, напэўна, прымаўся на больш высокім узроўні.

Дарэчы, на Акрэсціна славутую баскетбалістку не сустракаў старшыня Федэрацыі баскетбола Беларусі Максім Рыжанкоў, які, акрамя гэтага, з’яўляецца яшчэ і першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У гэты дзень ён праводзіў прыём грамадзян у Смаргоні, і, калі верыць дзяржаўным СМІ, нейкі жыхар вёскі Асінаўка Тадэвуш Станіслававіч параіў Рыжанкову: “Калі такое было, каб работніка міліцыі машынай таранілі? На шматкі парваць мала за гэта! А нашы праваахоўнікі стрыманасць праяўляюць”. “Зараз ужо не праяўляюць”, – запэўніў Рыжанкоў.

Так што будзем лічыць, што з Аленай Леўчанка яшчэ мякка абышліся. А маглі – і на шматкі…

Публікацыя з 83 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання