Па скарзе слонімчаніна Камітэт па правах чалавека ААН распачаў справу

685
Па скарзе слонімчаніна Камітэт па правах чалавека ААН распачаў справу
Фота https://www.google.by

Спецдакладчык Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Юваль Шані Крыстаф Хейнс 13 кастрычніка паведаміў  Алесю Масюку, што заведзена справа №3825/2020, а яго скарга накіравана Беларусі для выказвання меркавання, на што даецца 8 месяцаў.

“Народная Воля” друкавала некалькі матэрыялаў аб тым, як слонімскі актывіст Алесь Масюк спрабаваў дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы супраць старшыні выбарчай камісіі за фальсіфікацыю вынікаў выбараў на ўчастку, дзе сам балатаваўся ў мясцовыя органы ўлады ў 2018 годзе.

Нагадаем, што Масюк сцвярджаў, што на адным з выбарчых участкаў, дзе ён прысутнічаў разам з назіральнікамі, выніковы пратакол у раённую камісію патрапіў са скарэктаванымі лічбамі.

“Я тады здолеў сфатаграфаваць пратаколы, – нагадвае Масюк. – І ў тым, што быў вывешаны адразу пасля падліку галасоў, лічбы істотна адрозніваліся ад таго, які апублікавалі. Адрозніваліся пратаколы і колькасцю подпісаў членаў камісіі”.

Масюк тады са сваімі фактамі прайшоў праз усе інстанцыі. Ён амаль год дасылаў скаргі ў дзяржаўныя органы. Двойчы звяртаўся ў Генеральную пракуратуру, прасіў запісаць на прыём, але там адказвалі, што скаргі на вынікі выбараў можна падаваць толькі ў 10-дзённы тэрмін.

Спадар Алесь настойваў на тым, што гаворка ідзе аб магчымым крымінальным злачынстве, але і гэта заставалася без увагі.

Актывіст звярнуўся ў мясцовы аддзел Следчага камітэта, але і там адмовіліся весці праверку. Гэта адмова была абскарджана ў раённы суд. Безвынікова. А абласны суд скаргу на раённы таксама пакінуў без задавальнення.

Алесю Масюку не заставалася нічога іншага, як звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН са скаргай на парушэнне Рэспублікай Беларусь права на доступ да правасуддзя.

І вось зараз ён атрымаў ліст з КПЧ ААН, у якім паведамляецца, што справа заведзена і накіравана Беларусі для выказвання меркавання.

У чэрвені 2021 года стане вядома пазіцыя ўрада Беларусі па скарзе. Затым чакаецца разгляд Камітэтам скаргі па сутнасці.

Публікацыя з 83 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання