На старыя граблі…

20
На старыя граблі…
Віталь Міхайлаў

Нашы спартсмены працягваюць атрымліваць дыскваліфікацыі за ўжыванне забароненых рэчываў.

Стала вядома, што беларускага канькабежца Віталя Міхайлава дыскваліфікавалі на два гады за ўжыванне допінгу. Такое рашэнне вынес Спартыўны арбітражны суд пасля апеляцыі, якую падало Сусветнае антыдопінгавае агенцтва.

34-гадовы Віталь Міхайлаў – дзесяціразовы чэмпіён Беларусі ў класічным шматбор’і. На міжнародных спаборніцтвах найлепшым вынікам канькабежца з’яўляецца 4-е месца на чэмпіянаце свету ў 2017 годзе, хаця былі ў спартсмена і перамогі на этапах Кубка свету.

Допінг-тэст Віталя Міхайлава даў станоўчы вынік у мінулым годзе, калі ён удзельнічаў у чэмпіянаце свету ў класічным шматбор’і. Але Міжнародны саюз канькабежцаў беларуса апраўдаў – ён даказаў, што спартсмен не ведаў пра наяўнасць у харчовай дабаўцы забароненага рэчыва. Аднак Сусветнае антыдопінгавае агенцтва падало апеляцыю, і яна ў выніку была задаволена.

Дарэчы, напярэдадні мінулага сезона Віталь Міхайлаў рыхтаваўся да стартаў разам з расійскай камандай.

“Абавязкова пры падрыхтоўцы да новага сезона ўлічу вопыт, які набыў падчас працы ў складзе зборнай Расіі, – расказваў канькабежац. – Ужо нават ведаю, што трэба скарэкціраваць.

Ці апраўдалася ініцыятыва трэніравацца з расіянамі? Шчыра кажучы, у індывідуальных дысцыплінах хацелася прасунуцца далей, чым атрымалася.

Аднак я атрымаў падчас міжсезоння траўму, таму падрыхтоўка выйшла не аптымальнай. Нярэдка так і атрымліваецца: змена каманды і трэніровачнага плана адбіваецца, неабходны час на перабудову”.

Публікацыя з 83 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання