Якія пенсіі ў былых сілавікоў і чыноўнікаў

6256
Ілюстрацыйнае фота: svaboda.org
Ілюстрацыйнае фота: svaboda.org

Падпалкоўнік унутраных войскаў на пенсіі атрымлівае каля тысячы рублёў, а былы падпалкоўнік міліцыі – 700 рублёў. “Радыё Свабода” вырашыла паглядзець, якія пенсіі ў былых сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў.

Ад жніўня гэтага года сярэдні памер месячных пенсій – 458 рублёў, сярэдні памер пенсій, прызначаных па ўзросце, – 473,8 рубля. У былых чыноўнікаў і сілавікоў пенсіі вызначаюцца па-іншаму і найчасцей аказваюцца большымі за гэтыя лічбы.

Колькі плацяць былым сілавікам

У адкрытых крыніцах няма звестак аб пенсіях сілавікоў. Памерамі гэтых выплат займаюцца профільныя міністэрствы.

Ад былых сілавікоў на ўмовах ананімнасці Свабода даведалася, што пенсія падпалкоўніка ўнутраных войскаў, які выйшаў у адстаўку пасля 50 гадоў, каля тысячы рублёў. Старшы лейтэнант міліцыі, які быў камісаваны па стане здароўя (то бок не даслужыў да поўнай пенсіі), мае 450 рублёў.

Цяперашні старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў звольніўся з міліцыі ў званні падпалкоўніка, атрымлівае пенсію крыху болей за 700 рублёў.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«У мяне 24 гады выслугі. Я звальняўся з РАУСа як аператыўнік па асабліва важных справах. Калі нехта звальняецца з ГУУС ці МУС, у іх выходзіць болей. Калі было апошняе павышэнне, пенсія не змянілася. Праўда, у мяне цяпер судовыя выканаўцы вылічваюць частку пенсіі», – кажа Мікалай Казлоў.

Якая пенсія ў дзяржаўных службоўцаў

Памер пенсіі дзяржаўных службоўцаў і былых дэпутатаў у Беларусі рэгулююць два законы: «Аб дзяржаўнай службе ў Беларусі» і ўказ прэзідэнта «Аб штомесячным грашовым утрыманні асобных катэгорый дзяржаўных служачых».

Чыноўнікі са стажам працы не менш за пяць гадоў маюць наступныя памеры пенсій:

  • Калі займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады – 75% ад заробку;
  • Члены ўрада, паслы, старшыня ЦВК – 65% ад заробку;
  • Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Нацыянальнага Сходу – 65% ад заробку.

Калі заробак дэпутата ў сярэднім складаў 2,5 тысячы рублёў (па словах Ганны Канапацкай), то гэта 1615 рублёў пенсіі.

Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч цяпер атрымлівае пенсію, «крыху большую за сярэдні заробак па Мінску». Раней ягоная пенсія раўнялася сярэдняму заробку, але ў гэтым годзе павысілася, бо ён мае званне прафесара.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Я доктар навук і прафесар, а Лукашэнка выдаў указ, і з гэтага года для дактароў і прафесараў вырасла пенсія на 370 рублёў. Але, канечне, пэнсійную сістэму трэба ўніфікаваць. Патрэбна, каб была адзіная сістэма пенсійнага забеспячэння, дзе павінны быць каэфіцыенты за нейкія заслугі. Павінны быць уніфікаваныя і тэрміны выхаду на пенсію. Дзяржава павінна забяспечыць нармальны пражытковы мінімум з улікам былога заробку чалавека. Ненармальна, што пенсіі ў сілавікоў вышэйшыя», – мяркуе Станіслаў Багданкевіч.

Паводле Белстату, сярэдні заробак у жніўні ў Мінску быў 1766 рублёў.


Няма запісаў для адлюстравання