Генадзь Коршунаў: пратэст не здзімаецца – але ідзе і будзе ісці хвалямі

163
Генадзь Коршунаў. Фота:
Генадзь Коршунаў. Фота: "Фэйсбук"

Дзяржаўная прапаганда каторы тыдзень расказвае беларусам, што вулічныя пратэсты здзімаюцца, а выходзяць на іх цяпер толькі адбітыя радыкалы. З гэтым гледзішчам не згодны экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Генадзь Коршунаў, яго меркаванне апублікавала “Еўрарадыё”

Сацыёлаг сцвярджае, што, па-першае, пратэсты і не зліваюцца, і не радыкалізуюцца. А па-другое, пра стан пратэстаў нельга меркаваць толькі па вулічнай актыўнасці.

– Калі паглядзець на фотаздымкі ці на відэа з вулічных мерапрыемстваў, дык цяжка гаварыць, што яны здзімаюцца, тым больш што яны не праходзяць у адным месцы. Больш за тое: вуліца, нядзельныя мерапрыемствы – гэта толькі адзін з пластоў, адна са сфер. А сфер, дзе ідуць значныя працэсы, значна больш.

Гэтыя працэсы ідуць у кожнай асобна ўзятай галаве кожнага беларуса. Пасля – гэта сям’я, двары. Гэтыя працэсы ідуць па ўсёй краіне, хай і не заўсёды бачныя. Але і не факт, што найбольш значнымі будуць тыя працэсы, якія мы бачым.

Таму гаварыць, што пратэсты здзімаюцца… Не здзімаюцца. Пратэсты ідуць. Яны будуць ісці хвалямі, гэта заканамерна.

Генадзь Коршунаў – беларускі сацыёлаг. З 2018 года ўзначальваў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі. У верасні 2020-га пакінуў пасаду “па пагадненні бакоў”.

У пачатку красавіка Інстытут сацыялогіі правёў даследаванне, паводле якога ўзровень даверу да Лукашэнкі ў Мінску склаў 24%, а давер да Цэнтрвыбаркама выказалі толькі 11% апытаных. Лічбы трапілі ў інтэрнэт. Коршунаў не стаў круціцца і пацвердзіў іх СМІ.


Няма запісаў для адлюстравання