Арыштаваны дырэктар камбікормавага завода

719
Арыштаваны дырэктар камбікормавага завода
Георгій Дзядзюшка

У гродзенскай турме з канца верасня знаходзіцца былы дэпутат раённага Савета, дырэктар камбікормавага завода ў Росі Георгій Дзядзюшка. Затрыманы, паводле папярэдніх звестак, нібыта па артыкуле 430, ч.2 КК РБ – атрыманне хабару.

Мая Дзядзюшка, жонка спадара Георгія, распавяла СМІ, што да яго ў кабінет прыйшоў нехта Арцём Елізаранка з ТАА “Збожжавыя традыцыі”, паклаў на стол файл з дакументамі. Са слоў спадарыні Маі, яе муж нават не паспеў дакрануцца да таго файла, як у кабінет увайшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў. У файле паміж паперамі ляжаў канверт, у якім было 3300 рублёў. Яе мужа забралі, і зараз ён знаходзіцца ў гродзенскай турме. Меру стрымання нават з улікам таго, што ў яго шматдзетная сям’я і крэдыты, пакуль што не змянілі. У сям’і Дзядзюшкаў шасцёра дзяцей, малодшаму – 10 месяцаў.

У Росі людзі, якія ведаюць дырэктара, не вераць у тое, што ён мог узяць хабар. Яны лічаць, што ён пацярпеў за сваю грамадзянскую пазіцыю. Падчас выбарчай кампаніі дырэктар адмовіўся прымушаць работнікаў падпісвацца за кандыдата Лукашэнку і сам не паставіў свой подпіс, хоць і быў дэпутатам раённага Савета.

Жонка Дзядзюшкі распавядае, што яны разам ездзілі на мітынг з удзелам Святланы Ціханоўскай у Ваўкавыску, хаця яго папярэджвалі ў райвыканкаме, што ўсіх будуць здымаць на відэа.

Работнікі камбікормавага завода не могуць уцяміць, за што на іх прадпрыемстве могуць даваць хабар: усе дамовы заключаюцца ў Скідзелі, а ў Росі пакупніку толькі выдаюць прадукцыю пры наяўнасці аплаты.

Георгій Дзядзюшка на прадпрыемстве працуе ўжо 16 гадоў. Быў механікам, інжынерам, а потым стаў дырэктарам. Калектыў на прадпрыемстве невялікі – 80 чалавек. Усе адзін аднаго добра ведаюць.

Публікацыя з 83 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання