Гамяльчанка заступілася за актывіста — атрымала штраф

62
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля

У Цэнтральным судзе Гомеля 19 кастрычніка судзілі ўдзельнікаў традыцыйнага нядзельнага гуляння гараджанаў на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Суддзя Сяргей Кармановіч пакараў штрафам у памеры 675 рублёў гамяльчанку паважанага ўзросту Ніну Дзялец. Пра гэта паведаміла валанцёрка Алена Тоцкая.

Жанчыну судзілі паводле двух артыкулаў – 23.3 і 23.4 КоАП, гэта значыць, за ўмяшальніцтва ў вырашэнне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры ажыццяўленні службовых паўнамоцтваў.

Ніна Дзялец заступілася за грамадскага актывіста Валерыя Сляпухіна, якога трое апамапаўцаў “круцілі” падчас затрымання на вуліцы Жаркоўскага. На відэа, якое патрапіла ў сацыяльныя сеткі, бачна, як амапавец б’е кулаком у пальчатцы Сляпухіну пад дых.

Самога Сляпухіна, якога затрымалі 18 кастрычніка, таксама прывозілі з ізалятара на суд, але вярнулі назад з прычыны занятасці суддзяў. Бацька актывіста Васіль Сляпухін паспеў даведацца, што да адпраўкі ў ізалятар сына вазілі ў ДАІ дзеля складання адміністрацыйнага пратакола. Па якіх канкрэтна артыкулах вінавацяць сына, Сляпухін-старэйшы не ведае.

І сёння ж суддзя Віктар Казачок з таго ж Цэнтральнага суда пакараў маладую гамяльчанку Святлану Разванаву за ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці, якое праходзіла яшчэ 6 верасня, 270-рублёвым штрафам. Святлану міліцыянты схапілі ў мінулую пятніцу, калі яна выходзіла з прыватнага дома ў Навабеліцкім раёне горада. Пра гэта паведаміла маці гамяльчанкі Наталля Разванава. Да суда дачку трымалі ў ізалятары. Гэта ўжо другое пакаранне Святлане за ўдзел у акцыях пратэсту. Раней на падставе артыкула 23.34 КаАП суд аштрафаваў яе на 540 рублёў.


Няма запісаў для адлюстравання