Без акрэдытацыі — пад суд. У Гомелі аштрафавалі журналістку

37
Ларыса Шчыракова ў судзе Гомельскага раёна
Ларыса Шчыракова ў судзе Гомельскага раёна

Суддзя Гомельскага раёна Вольга Фядосава 19 кастрычніка пакарала журналістку-фрылансера, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Ларысу Шчыракову 810-рублёвым штрафам. На падставе ч. 2 арт. 22.9 КоАП яна прызнана вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюджванні інфармацыі без акрэдытацыі для тэлеканала “Белсат”, які транслюе перадачы з Польшчы. Рапарт і пратакол у дачыненні да журналісткі склаў участковы інспектар Цэнтральнага РАУС Арцём Жаўняк.

Гэта ўжо трэцяе судовае пасяджэнне пасля таго, як журналістка вяла анлайн-трансляцыю на Facebook для тэлеканала “Белcат” з пратэстнай акцыі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, якая праходзіла ў Гомелі 30 жніўня.

Раней міліцыянеры Гомельскага і Цэнтральнага раёнаў ужо складалі адміністрацыйныя пратаколы, абвінавачвалі Шчыракову ва ўдзеле менавіта 30 жніўня ў несанкцыянаваным шэсці. Міліцыя нават затрымлівала журналістку і адпраўляла ў ізалятар, але потым суды вярталі тыя пратаколы на дапрацоўку.

І толькі зараз у Цэнтральным РАУСе і ў судзе Гомельскага раёна вызначылі, чым насамрэч займалася Шчыракова на вышэйзгаданым шэсці.

Журналістка лічыць, што міліцыянеры злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі. З гэтай прычыны ёй давялося што называецца без суда і следства правесці чацвёра сутак у ізалятары, нягледзячы яна мае малога сына.

Суддзя Фядосава дапытвалася у журналісткі, ці лічыць яна сябе вінаватай паводле закона аб СМІ, які патрабуе акрэдытацыі ў беларускім МЗС для журналістаў замежных медыяў?

“Згодна беларускай Канстытуцыі і міжнародным пагадненням, якія Беларусь падпісала і абавязалася выконваць, грамадзянам гарантавана права на збор і распаўсюджванне інфармацыі. Я проста рэалізоўваю гэта права. А ўсе іншыя падзаконныя акты, якія прымаюцца (у дадзеным выпадку неабходнасць атрымліваць акрэдытацыю і толькі з ёю працаваць) – гэта спроба абмежаваць доступ людзей да інфармацыі і маё права на яе збор і распаўсюджванне. Я не збіраюся выконваць тыя законы, якія пярэчаць Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь падпісала, у прыватнасці, яго 19 артыкулу”, – сказала  Шчыракова.

Суддзя палічыла, што віна Шчыраковай знайшла пацвярджэнне падчас судовага разбіральніцтва і наклала на журналістку буйны адміністрацыйны штраф. Гэта чацвёртае пакаранне журналісткі з пачатку выбарчай кампаніі – за стрымы і нібыта ўдзел у недазволеных шэсцях.


Няма запісаў для адлюстравання