Дзяніс Якштас
Дзяніс Якштас

Супрацоўнік гомельскага інфармацыйнага сайта «Моцныя навіны» Дзяніс Якштас пасля 15 сутак арышту 18 кастрычніка не выйшаў з ізалятара. У дачыненні яго распачата новая адміністрацыйная справа, у ІЧУ ён застаецца пад вартай да новага суда, паведаміла інтэрнэт-выданне.

Міліцыянеры схапілі Якштаса 3 кастрычніка каля кінатэатра «Кастрычнік», калі ён збіраўся ехаць па грыбы, і да суда адправілі ў ізалятар. У гэты ж дзень у доме Якштасаў міліцыя забрала камп’ютарную тэхніку. Жонку Дзяніса Ганну Якштас, галоўную рэдактарку “Моцных навін”, таксама да суда змясцілі ў ізалятар, нягледзячы, што ў сям’і выхоўваецца двое непаўнагадовых дзяцей.

5 кастрычніка суддзя Савецкага раёна Гомеля Андрэй Лагуновіч на падставе міліцэйскага пратакола пакараў Дзяніса 15-суткавым арыштам. Ён прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці, якое адбылося 27 верасня.

6 кастрычніка суд Савецкага раёна аштрафаваў Ганну Якштас  на 540 рублёў нібыта за ўдзел у недазволеным маршы, а 9 кастычніка міліцыя другі раз затрымала галоўную рэдактарку і змясціла ў ізалятар.

12 кастрычніка суддзя Савецкага раёна Гомеля Аліна Кошкіна чарговы раз пакарала адміністрацыйным штрафам Ганну на 540 рублёў – паводле  ч.1 арт. 23.34 КаАП. Суд пагадзіўся з версіяй міліцэйскага пратакола, у якім пазначана, што Ганна Якштас “выдавала сябе за акрэдытаванага журналіста, незаконна выкарыстоўваючы бэйдж і жылетку “Прэса”, прымала актыўны  ўдзел у несанкцыянаваным шэсці”.

Адміністрацыйным арыштам былі пакараны таксама супрацоўнікі “Моцных навін” Марына Драбышэўская і Надзея Пужынская нібыта за ўдзел у недазволеным масавым шэсці.

Поделиться: