Аляксандр Лукашэнка. Фота: ru.sm.news
Аляксандр Лукашэнка. Фота: ru.sm.news

Аляксандр Лукашэнка пачынаў сваю палітычную кар’еру як сапраўды народны кумір. Ён старанна выбудоўваў вобраз «народнага прэзідэнта», «усенародна абранага». Любіў апавядаць, як падчас першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 года людзі, якія доўга ляжалі хворыя, раптам уставалі на ногі, толькі каб за яго прагаласаваць, піша беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.

Сапраўды, у 1990–2000-я гады Лукашэнка трапляў у фокус грамадскіх чаканняў, быў люстэркам калектыўнага бессвядомага не менш як паловы беларусаў. У яго былі абвостраная палітычная інтуіцыя, прыроднае чуццё, інстынктыўнае адчуванне правільнага ходу або пагрозы, здольнасць адчуваць нацыю і адэкватна адлюстроўваць яе ментальныя імпульсы.

І куды ўсё гэта падзелася? Як так атрымалася, што таленавіты папуліст раптам у 2020 годзе стаў фігурай, якую, мякка кажучы, моцна не любіць большасць беларусаў, і яму даводзіцца з аўтаматам і ў бронекамізэльцы хавацца ў рэзідэнцыі ад вялізнага народнага натоўпу?

Прычын шмат. Згадаем толькі некаторыя.

Ад самага пачатку Лукашэнка ўзяў курс на рэстаўрацыю асноўных элементаў савецкай сістэмы, стварыў кансерватыўную мадэль, якая захоўвала эканамічны і сацыяльна-палітычны статус-кво. Аднак яна не магла забяспечыць эканамічнае развіццё. У апошнія дзесяць гадоў сярэдні заробак у краіне ў рэальным вымярэнні зменшыўся. Не выпадкова Лукашэнка ўвесь час апелюе да 1990-х гадоў, а не параўноўвае цяперашнюю сітуацыю, напрыклад, з 2010 годам. То бок 10 гадоў – гэта дастатковы тэрмін, каб зразумець, што з Лукашэнкам беларусы не маюць перспектыў росту дабрабыту. Цяперашнія 500 долараў – гэта столь, больш ужо не будзе. А гэта значыць, што ён – кандыдат безнадзейнасці.

Хоць такая мадэль блакіравала развіццё, аднак зусім закансерваваць грамадства ў ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы яна не магла. Мянялася сацыяльная структура грамадства. Доля дзяржаўнага сектара, нягледзячы на фінансавую падтрымку з боку ўрада, змяншаецца, павялічваецца колькасць людзей, якія працуюць у структурах прыватнага бізнесу. З’явіліся новыя сферы эканомікі (ІТ і інш.).

Урэшце, адбылася змена пакаленняў. Тыя каштоўнасці, якія абараняў Лукашэнка і якія станоўча ўспрымаліся людзьмі сталага веку, абсалютна незразумелыя моладзі. За 26 гадоў рыторыка Лукашэнкі не змянілася. Ён называе інтэрнэт «памыйкай», апавядае пра козачак і хатнюю жыўнасць у сваёй гаспадарцы. Заклікае ў век высокіх тэхналогій вучыць дзяцей у школе найперш працы на зямлі. Лукашэнка нават не заўважыў, што ён і краіна жывуць у розных гістарычных эпохах. Ідучы «ад зямлі», Лукашэнка выбудоўваў Беларусь пад свой патрыярхальны светапогляд. І не ўсведамляў гэтага. Невыпадкова Святлана Ціханоўская, за якую, зусім верагодна, прагаласавала большасць беларусаў, – поўны антыпод Лукашэнкі абсалютна ва ўсім.

Нельга сказаць, што Лукашэнка зусім не здольны мяняцца. Можна ўзгадаць, як ён эвалюцыянаваў у пачатку 1990-х гадоў ад паслядоўнага дэмакрата і змагара з савецкім таталітарызмам да рэстаўратара асноўных элементаў савецкай сістэмы. Ён ішоў услед за электаратам, рухаўся за ягонымі палітычнымі зігзагамі. Чаму ж, апынуўшыся на вяршыні ўлады, ён выявіў сябе няздольным да эвалюцыі, не змог мяняцца? Тут некалькі адказаў.

Створаная Лукашэнкам кансерватыўная сацыяльная мадэль была аптымальнай для ўтрымання ўлады. Яна даволі арганічная, усе яе элементы ўзаемадапаўняльныя, падтрымліваюць адзін аднаго. Змена мадэлі стварала большыя рызыкі для ягонай улады, чым захаванне статус-кво.

Акрамя таго, за шмат гадоў аднаасобнай улады Лукашэнка так да гэтага прызвычаіўся, што не здольны дзяліцца нават малым кавалкам яе, успрымаць апанентаў. А любая рэформа палітычнай сістэмы стварыла б новыя цэнтры ўлады, акрамя прэзідэнцкага. Як вядома, улада псуе чалавека, а абсалютная ўлада псуе абсалютна.

І самае галоўнае.

26 гадоў аднаасобнага праўлення пры адсутнасці паўнавартаснай зваротнай сувязі з грамадствам не мінулі бясследна. У такіх умовах палітычнае чуццё, якое раней не раз ратавала Лукашэнку ў крытычнай сітуацыі, прытупляецца, атрафіруецца. Ён больш не адчувае электрычнае поле соцыуму, якое не вымяраецца нават сацыялогіяй. Самазабыўнае зачараванне ўладай ператвараецца ў самаінтаксікацыю. Гэтая заканамернасць тычыцца ўсіх дыктатараў, якія доўгі час знаходзяцца пры ўладзе. Без выключэнняў.

Лукашэнка апошнімі гадамі стаў дазваляць сабе рэчы, якія можна разглядаць як выклік для грамадскай маралі. Напрыклад, ён часта з’яўляўся на публіцы побач з прыгожымі маладымі дзяўчатамі. Прычым не толькі падчас адпачынку. Прыгажуні сталі спадарожнічаць яму і ў працоўных паездках. Прэзідэнт паўстаў у вобразе нейкага ўсходняга валадара эпохі Сярэднявечча. Што, зразумела, не дадало яму павагі з боку беларусаў.

Палітычны лёс Лукашэнкі – гэта выдатная ілюстрацыя вядомага выслоўя, што ад любові да нянавісці ўсяго адзін крок. Ён паказвае, як можна ператварыцца з «народнага прэзідэнта» ў правіцеля, які нагадвае лацінаамерыканскіх дыктатараў 1950–1960-х гадоў, то бок утрымліваецца пры ўладзе выключна на штыках. Цяпер Лукашэнка дзейнічае паводле прынцыпу «Пасля мяне хоць патоп», не дбаючы пра тое, у якім вобразе ён застанецца ў гісторыі.

Ён страціў шанец своечасова і пачэсна пайсці з пасады. А гэта можна было зрабіць нават прыгожа. Цяпер, чым бы ні скончылася сёлетняе супрацьстаянне паміж рэжымам і народам, ягоны сыход у любым выпадку будзе ганебны.

Калі б гэта была трагедыя толькі аднаго чалавека, то яшчэ паўбяды. Як пісаў Іосіф Бродскі, у сапраўднай трагедыі гіне не герой, а хор. Вельмі верагодна, што ў Беларусі якраз такі выпадак.

Поделиться: