Работнікі ААТ «ГроднаАзот» выступілі з моцным відэазваротам, паведамляе “Наша Ніва”. Яны выказаліся супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і рэпрэсій, супраць ціску кіраўніцтва на іншадумцаў і іх звальнення.

Мы, работнікі ААТ «ГроднаАзот», звяртаемся да ўсіх жыхароў нашай краіны. Мы, азотаўцы, як і многія іншыя, не можам заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца ў нашай любімай Беларусі.

Мы стаміліся і катэгарычна супраць падману і жорсткасці. Супраць той бесчалавечнасці, якая адбываецца цяпер на вуліцах на нашых вачах і вачах нашых дзяцей.

Мы хочам звярнуцца да работнікаў іншых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі. Што б ні казалі пра нас у афіцыйных дзяржаўных СМІ, мы салідарныя з вамі. І не можам проста назіраць за тым, што адбываецца, збоку. Абсалютная большасць работнікаў нашага завода прытрымліваецца гэтай жа пазіцыі. Але не ўсе могуць адкрыта яе выказваць па розных прычынах.

Калі гаварыць пра прычыны, хочам звярнуцца да адміністрацыі прадпрыемства. Многія з вас таксама супраць таго, што адбываецца ў краіне, але не могуць казаць пра гэта адкрыта. Калі ласка, перастаньце перашкаджаць выказванню сваёй думкі работнікамі прадпрыемства. Бо кожны грамадзянін нашай краіны мае права на свой пункт гледжання, які можа не супадаць з вашым. Перастаньце ціснуць на людзей і запалохваць іх. Мы і так моцна занепакоеныя колькасцю нашых супрацоўнікаў, што звальняюцца. Сярод іх спецыялісты, на падрыхтоўку якіх патрэбныя гады. Развальваюцца цэлыя калектывы.

Мы звяртаемся да адміністрацыі горада і вобласці. Хочам нагадаць вам, што ўсе падзеі ў горадзе і краіне бяруць свой пачатак з абвяшчэння вынікаў выбараў на выбарчых участках. І абсалютна неабгрунтаванага прымянення гвалту сілавікамі на вуліцах нашых гарадоў. Вы нам абяцалі не перашкаджаць мірным акцыям, мітынгам і шэсцям. Вы нам абяцалі, што больш на вуліцах нашага горада не будзе сілавікоў без форменнага адзення і без знакаў адрознення. Аднак рэпрэсіі працягваюцца і далей, нават супраць журналістаў, старых і дзяцей. Мы не можам спакойна назіраць, як светлашумавымі гранатамі закідваюць нашых маці. І калі не ў вашай кампетэнцыі змяненне палітычнай сітуацыі ў краіне, то спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян у вашых сілах.

Мы занепакоеныя ўцечкай за мяжу спецыялістаў і працоўных кадраў. Таксама высокакваліфікаваныя кампаніі ІТ-сферы вымушаныя пераносіць свае офісы і бізнес у цэлым у суседнія краіны. Што не можа не адбіцца на эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Гняце сітуацыя з беспрэцэдэнтным ціскам на студэнтаў. Гэта будучыня нашай краіны, і мы не маем права яе страціць і ўпусціць.

Цяжка глядзець на ціск, які чыніцца на работнікаў культуры, калі закрываюцца цэлыя тэатры.

На медыкаў – і ў такі складаны для іх час, калі яны, не апускаючы рук, змагаюцца з пандэміяй.

На найлепшых трэнераў і спартсменаў, на гонар нашай краіны ў і так вельмі складаны час для беларускага спорту.

Лічым непрымальным рэгулярны крымінальны пераслед кандыдатаў у прэзідэнты, іх паплечнікаў, членаў штабоў і ініцыятыўных груп. Толькі з кандыдатаў у 2006-м асуджаны Казулін, у 2011-м Някляеў, Вус, Рымашэўскі, Саннікаў, Статкевіч, у 2020-м у СІЗА Ціханоўскі і Бабарыка.

Мы, як і астатнія жыхары Беларусі, за праўду, права і магчымасць мець сваю думку.

Мы супраць хлусні і гвалту, супраць беззаконня і ўціску правоў. У тым ліку і права выбару. Супраць фальсіфікацыі і жорсткасці.

Мы патрабуем абароны і датрымання нашых канстытуцыйных правоў.

Артыкул 21. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь ёсць найвышэйшай мэтай дзяржавы.

Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і свабоднае іх выказванне. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.

Артыкул 35. Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаванняў, якія не парушаюць правапарадак і права іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуюцца дзяржавай.

Артыкул 38. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбірацца і быць выбранымі.

Таксама мы засмучаныя сітуацыяй на міжнароднай арэне. Адкліканнем паслоў практычна ўсіх еўрапейскіх дэмакратычных краін. Мы баімся эканамічных санкцый для нашай краіны і закрыцця межаў, што можа выклікаць цяжкасці ў рэалізацыі нашай прадукцыі за мяжой.

Мы абураныя, што так і не заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах збіцця мірных грамадзян і затрыманых. Па фактах гібелі людзей на вуліцах і пасля Акрэсціна. Хоць увесь інтэрнэт поўны жудаснымі дыягназамі, відэа збіванняў і фота іх наступстваў.

Мы хочам выказаць шчырае спачуванне ўсім семʼям загінуўшых і зніклых без вестак, усім пацярпелым пры затрыманнях. Выказаць сваю падтрымку тым, каго пераследуюць па палітычных матывах, і іх семʼям.

Мы хочам жыць у свабоднай і незалежнай Беларусі. Мы – сэрца беларускай хіміі. І сёння гэтае сэрца, нягледзячы ні на што, бʼецца ва ўнісон з сэрцамі мільёнаў беларусаў, якія ступілі на шлях перамен”.

Поделиться: