
Неаднаразовы чэмпіён свету па тайскім боксе распавёў “Народнай Волі”, чым ён будзе займацца ва Украіне.
Як паведамлялася раней, Віталь Гуркоў прыняў рашэнне не вяртацца ў Мінск, бо мае падставы меркаваць, што ў дачыненні да яго можа распачацца крымінальная справа.
– Я быў ва Украіне па сваіх справах, там і прыняў рашэнне не вяртацца дадому, – кажа Віталь. – Пабачыў, што адбываецца ў Беларусі, і зразумеў, што знаходжанне ў гэтай краіне будзе для мяне небяспечным.
– Чым будзеце займацца ў Кіеве?
– Тым, чым займаўся ў Мінску, – трэніравацца і трэніраваць. Магчымасці для гэтага ёсць, зараз ужо працую ў клубе.
Па сутнасці, зараней ніякай пляцоўкі там не рыхтаваў. Усё давядзецца пачынаць з нуля.
– А што будзе з вашым клубам у Мінску?
– Гэта ўжо не мой клуб, я яго прадаў.
– Вы наогул не збіраецеся прыязджаць у Беларусь?
– Не ведаю, што павінна здарыцца, каб я вярнуўся. Па меншай меры на гэты момант у мяне такіх думак няма. Зараз у мяне пачаўся новы этап жыцця.
Натуральна, вельмі цяжка было прыняць такое рашэнне, але я звольніўся таксама са зборнай, таму ўсе масты спалены. Бачу ж, які сюррэалізм адбываецца ў краіне.
– Як блізкія паставіліся да вашага рашэння?
– Выдатна.
– Поспехаў на новым этапе жыцця. Спадзяюся, што мы ўсё-такі яшчэ сустрэнемся.
– Прыязджайце…
ТЫМ ЧАСАМ
Аляксандра Герасіменя пераехала ў Вільнюс
Трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Герасіменя пераехала ў Вільнюс і ўжо правяла некалькі сустрэч з прадстаўнікамі спартыўных асацыяцый і мясцовымі чыноўнікамі.
Спартсменка раней выказвалася супраць гвалту і фальсіфікацыі вынікаў выбараў.
Публікацыя — з № 82 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.