«Трэба заставацца: тут наша краіна...»
Юлія Сліўко

Як жыве і пра што думае былы старшыня страйкама “Гроднапрамбуд” Юлія Сліўко, якая месяц таму страціла працу з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. 

«Усе на кончыку алоўка… »

На прадпрыемстве “Гроднапрамбуд” быў арганізаваны адзін з першых страйкамаў у Гродне. Яго ўзначаліла тынкоўшчыца Юлія Сліўко. На прадпрыемстве жанчына адпрацавала 13 гадоў. Яе звольнілі з фармулёўкай “па ўзаемнай згодзе бакоў”.

За гэты месяц Юлія вонкава нібыта не змянілася, хіба што погляд стаў больш сумны, не такі, як быў у жніўні, калі яна выступала перад народам на плошчы.

Цяпер у яе жыцці ўсё так, як звычайна здараецца ў такіх выпадках: працы няма, нават на прыватных прадпрыемствах адмаўляюцца яе браць, паколькі баяцца наступстваў.

– У нас усе на кончыку алоўка, як казаў мой былы дырэктар, – заўважае Юлія. – Так што ў мяне сітуацыя класічная. У нас жа заўсёды за нешта можна чалавека арыштаваць. Таму я разумею, чаму мне адмаўляюць у працаўладкаванні.

З інтэрната Юлію пакуль не выселілі, паколькі яна адпрацавала на прадпрымстве больш за 13 гадоў і жыве там з непаўнагадовым сынам. Закон на яе баку.

Тым не не менш перспектыва ў яе даволі сумная, паколькі трэба выплачваць крэдыты, а пошукі працы вынікаў не даюць. Дарэчы, у Юліі ёсць вышэйшая адукацыя – яна завочна скончыла псіхалагічны факультэт па спецыяльнасці “практычная псіхалогія”, але і гэта не дадае ёй шанцаў знайсці працу.

Пагрозы пакуль прыпыніліся

У Юлі была яшчэ адна вельмі сур’ёзная праблема. Ёй уначы з пагрозамі тэлефанавалі невядомыя, у тым ліку казалі, што ведаюць, у якую школу ходзіць яе сын… Жанчына вымушана была звярнуцца з заявамі ў міліцыю і пракуратуру.

На нейкі час, кажа жанчына, гэтыя пагрозы сціхлі. Але з пракуратуры прыйшло паведамленне, што крымінальная справа па яе заяве спынена, паколькі не ўдалося ўстанавіць вінаватых і вызначыць, ці рабілі яны гэта наўмысна.

– Гэта сумна. Намеснік пракурора вобласці заяўляў, што за кожную абразу ў інтэрнэце вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці, – нагадвае Юлія. – А тут былі пагрозы па тэлефоне, і знайсці нікога не ўдалося.

«Я застануся тут, пакуль не будзе пагрозы сыну»

Наконт таго, ці не збіраецца Юлія з’ехаць з краіны, як зрабілі гэта ўжо многія апазіцыйныя дзеячы, жанчына кажа, што таксама задумвалася пра гэта. На яе ў гэтым сэнсе вельмі ціснуць блізкія і родныя, бо ўсе баяцца за яе далейшы лёс.

У нейкі момант яна пачала рыхтаваць неабходныя дакументы, каб з’ехаць, але на яе паўплываў адзін чалавек, якому таксама пагражалі.

– Ён мне сказаў: а хто тут застанецца? Я ўдакладніла тады пытанне: што будзеш рабіць, калі тут застануцца адны прыхільнікі Лукашэнкі? А ён адказаў, што ўсё роўна не з’едзе, бо ім таксама трэба дапамагаць, маўляў, самі яны не выцягнуць краіну.

Юлія ўпэўнена, што такое стаўленне нічога агульнага не мае з рамантызмам, гэта пазіцыя сур’ёзнага дарослага чалавека.

– Я таксама вырашыла застацца, нягледзячы на тое, што можа адбыцца. Тут наша краіна і наш горад, – кажа жанчына. – Праўда, гэта будзе магчымым толькі да той пары, пакуль не будзе рэальнай пагрозы майму сыну.

Пратэсты не спыняцца, і перамога не за гарамі

Што датычыцца пратэстнага руху ў Беларусі, то, паводле пераканання маёй суразмоўніцы, ён ужо не спыніцца. Юлія распавядае, што сустракаецца з многімі людзьмі, якія самі яе пазнаюць, падыходзяць і размаўляюць. Шмат хто піша ёй у сацыяльных сетках.

– Я бачу, што вельмі многія настроены ісці да канца, – кажа Юлія. – Людзей так пакрыўдзілі, што яны ні на што больш не пагодзяцца з гэтай уладай.

На яе думку, улады самі шмат зрабілі для таго, каб людзі пачалі аб’ядноўвацца ў мікрараёнах і нават дварах, сталі праводзіць вечарыны, піць гарбату з печывам, спяваць песні і абмяркоўваць цякучыя праблемы.

– Сіламі міліцыі спрабуюць гэта спыніць, запалохаць людзей, – канстатуе жанчына. – Але людзі ўжо іншыя, а ўлады не хочуць гэтага разумець.

А яшчэ яна звяртае ўвагу на тое, што асабліва апошнім часам улады пачалі рабіць шмат памылак, што паскарае падзенне рэжыму.

– Што б ні пісалі аналітыкі, але прыезд Лукашэнкі да вязняў у СІЗА, – гэта сведчанне таго, што ён у тупіку. Ніякія хітрасці яму не дапамогуць, бо ён нелігітымны, – пераканана Сліўко.

І захады па змене Канстытуцыі за два тыдні, як заўважае мая суразмоўца, нічога не дадуць, бо, на яе думку, немагчыма змяніць тое, чаго практычна не існуе.

– Улада, якая сама не выконвае законы, не мае шанцаў ні на якія змены, – канстатуе жанчына. – А як быць з пацярпелымі, некаторыя з іх засталіся інвалідамі, некаторых забілі? Хто за гэта адкажа?

Публікацыя — з № 77 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: