Салон без банкіра
Віктар Бабарыка і трохразовая пераможца «Восеньскага салона» Алеся Скарабагатая. 2017 год

У пяты раз у Мінску адкрыўся «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам». І гэта нягледзячы на тое, што топ-менеджемент гэтага банка заключаны ў вязніцу КДБ, а знакамітая карпаратыўная калекцыя гэтага ж банка незаконна арыштавана. Хоць, паводле некаторых звестак, і знаходзіцца тут жа, за сценамі Палаца мастацтва. Але пад замком.

Вось сённяшняя рэальнасць «нашага гарадка». Але мне ўсё роўна прыемна пісаць пра мастацкую імпрэзу, таму што ля вытокаў гэтай культурнай ініцыятывы стаяў не хто іншы, як Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка, у той час старшыня праўлення банка. А цяпер, як вядома, адзін з галоўных палітвязняў краіны.

Наогул, калі азірнуцца на мінулае дзесяцігоддзе, то колькі прыкметных культурных мерапрыемстваў у краіне было створана па ініцыятыве банкіра В.Д.Бабарыкі! Колькі выдатных артэфактаў было вернута яго стараннямі (а часам і за яго кошт!) у нашу краіну: арыгiнал Бібліі Францыска Скарыны, карціны сусветна вядомых мастакоў Парыжскай школы… Ды ўзяць хоць бы нашы дні: прама зараз у Мінску праходзіць Міжнародны тэатральны фестываль «ТЭАРТ», які таксама сваімі паўнавартаснымі фінансавымі ўліваннямі падтрымліваў «Белгазпрамбанк» па ініцыятыве Бабарыкі. За больш чым неабыякавае стаўленне да культуры сваёй радзімы Віктар Бабарыка быў спачатку ўзнагароджаны дыпломам камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, а праз некалькі гадоў, у 2014-м, – ганаровым званнем «Мецэнат года».

Што, як бачым, не перашкодзіла ўладам без суда і следства ачарніць яго імя. Але справы былога банкіра кажуць самі за сябе.

Такім чынам, «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» – вялікая і вельмі папулярная выстава выяўленчага мастацтва – зноў пачаў сваю работу. Яго наведваюць звычайна больш за дзесяць тысяч чалавек, і дзясятая частка карцін купляецца прама з залы Палаца мастацтваў. Па выніках салона міжнароднае журы прысуджае пераможцам таксама добрыя прэміі – і грошы, і паездкі ў Парыж. Так што і ў гэтым годзе, нягледзячы ні на што, 700 чалавек падалі заяўкі на ўдзел у вернісажы. Але строгая прафесійная адборачная камісія дала магчымасць выставіцца толькі 209 мастакам.

Так, арганізатары салона абышліся ў гэтым годзе без прэс-канферэнцыі, на якой заўсёды з гонарам і радасцю выступаў Бабарыка. Але яго пакуль што з намі няма. Хто яго заменіць? Надзея Ермакова? Да выяўленчага мастацтва яна мае такія адносіны, як мая бабуля да космасу.

Маштабная экспазіцыя ў Палацы мастацтва будзе працаваць на працягу трох тыдняў. Як заўсёды, кожная праца даступна да набыцця, гэта можна зрабіць нават анлайн праз сайт. Частка атрыманых сродкаў пойдзе на дапамогу дабрачынным арганізацыям.

Публікацыя – з № 82 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: