Іван Кубракоў. Фота: minsknews.by
Іван Кубракоў. Фота: minsknews.by

У інтэрв’ю тэлеканалу АНТ начальнік ГУУС Мінгарвыканкама генерал Іван Кубракоў заявіў, што 60% пратэстуючых – людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. 

Паводле яго слоў, сярод затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваных маршах каля 15% судзімых па розных артыкулах – ад ухілення ад вайсковай службы да крадзяжоў і прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, уключаючы выпадкі са смяротным зыходам. Сярод іх таксама ёсць анархісты, футбольныя фанаты.

Кубракоў сцвярджае, што ўдзельнікі акцый сцягваюцца ў Мінск з усёй Беларусі і маюць арсенал, які можна прымяніць для сілавога супрацьстаяння міліцыі. Ён пахваліў вытрымку супрацоўнікаў МУС і іх адэкватную рэакцыю. «Уся мінская міліцыя супраць гвалту, мы проста спыняем супрацьпраўныя дзеянні», – заявіў генерал.

Таксама ён паскардзіўся на блакіраванне дарожнага руху, а людзей без апазнавальных знакаў, якія накідваюцца на пратэстуючых, назваў «неабыякавымі хлопцамі».

Паводле яго слоў, грамадзяне, якім перашкаджае шум ад дваровых акцый, звяртаюцца па дапамогу да міліцыі і заяўляюць, што самі гатовыя навесці парадак. У гэтым кантэксце былі ўзгаданы «народныя дружыннікі».

Кубракоў прывёў афіцыйную статыстыку па пацярпелых сілавіках: ён сцвярджае, што цялесныя пашкоджанні атрымалі 45 чалавек, а ўсяго пацярпелых «праваахоўнікаў» 150. Сярод нанесенай ім шкоды генерал назваў асноўнай маральную.

Звярнуўся ён і да тых, хто выходзіць на акцыі пратэсту: «Не выходзьце – не будзе ўжывання спецсродкаў». І нагадаў, што зараз буяе эпідэмія COVID-19, падчас якой асабліва трэба берагчы старых, а на акцыях няма сацыяльнай дыстанцыі. Зрыванне масак з амапаўцаў ён параўнаў з замахам на забойства, бо «COVID ніхто не адмяняў».

«Стомленасць» – фармулёўка, якая не датычыцца сілавікоў, бо ў іх дастаткова сіл і сродкаў, каб супрацьстаяць акцыям, сцвярджае Кубракоў.

Пра «ультыматум Ціханоўскай» генерал выказаўся так: усе, хто піша заклікі, нават калі знаходзіцца за мяжой, у любым выпадку будуць прыцягнутыя да адказнасці паводле беларускіх законаў, і заявіў, што сілавыя ведамствы гатовыя да 25 кастрычніка.

На пытанне, ці не «здрадзіць» мінская міліцыя краіне, Кубракоў адказаў: «Ніколі, мы згуртаваныя як ніколі. Я бачу ў вачах супрацоўнікаў, што мы выканаем сваю задачу і не аддадзім краіну».

Поделиться: