На радасць дзецям
На радасць дзецям

Сёлета ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшла ў свет мая кніга “Ласкавае сонейка”, куды ўвайшлі апавяданні, казкі і вершы. Добразычлівы і дзелавы дырэктар Генадзь Вінярскі пазнаёміў мяне з мастачкай Ланай Красікавай. Дзякуючы ёй рукапіс набыў яркую аздобу. Усяго некалькі тыдняў спатрэбілася для рэалізацыі задуманага. Выдаўцы літаральна ў дзень выхаду зборніка даставілі ўсе 1500 асобнікаў.

Першымі чытачамі сталі найменшыя ўнукі – дзесяцігадовы Глеб і пяцігадовая Вераніка.

А нядаўна я дужа парадаваўся на сустрэчы з вучнямі трэцяга класа СШ №30 нашай сталіцы. Настаўніца Наталля Віктараўна Гарунчык запрасіла мяне ў зручны для школы дзень. Яе выхаванцы спаткалі мяне яшчэ ў калідоры, на іх тварыках квітнелі ўсмешкі. Сустрэча пачалася даволі ўрачыста. На класнай дошцы прыгожым почыркам было занатавана паведамленне пра тое, хто завітаў у школу. Настаўніца пазнаёміла сваіх навучэнцаў з госцем, у тэмпе распавяла біяграфію, адзначыла, што я Ганаровы грамадзянін Камянецкага раёна. Потым дзеці выйшлі да дошкі, яны натхнёна і артыстычна дэкламавалі мае вершы. Мне заставалася не расчараваць уважлівых слухачоў. І, мяркуючы па тым, як уважліва яны слухалі і як навыперадкі задавалі пытанні, не расчараваў. Кнігу настаўніца і вучні атрымалі з маім аўтографам. А я атрымаў цукеркі маёй любімай “Камунаркі”. Ды асабліва кранальным для мяне быў момант, калі адзін з вучняў, Сярожа Далгоўскі, паднёс мне вялікую шакаладку “Алёнка”. Я не рашаўся прыняць, але настаўніца энергічным голасам унушыла: “Адмаўляцца нельга!”

Нямала зроблена фотаздымкаў на памяць. Адзін з іх – калектыўны. Буду часта ўспамінаць трэці клас настаўніцы Наталлі Віктараўны Гарунчык, радасныя ўсмешкі і апладысменты яе вучняў. Кажу ад шчырага сэрца: дзякуй, мілыя! Цешыць тое, што дзеці і кнігі – неразлучныя.

Публікацыя – з № 82 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: