Іван Церцель. Фота: crimea-news.info
Іван Церцель. Фота: crimea-news.info

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель, піша “Наша Ніва”.

“У апошнія дні мы атрымліваем з розных крыніц, у тым ліку за мяжой, ад нашых партнёрскіх спецслужбаў, інфармацыю аб правакацыі, якая рыхтуецца ў нашай краіне. Мэта гэтых дзеянняў – дэстабілізацыя сітуацыі ў нашай дзяржаве на фоне відавочнага зніжэння вулічнай актыўнасці і зрыву планаў па памкненнях да працоўных калектываў, студэнцтва з мэтай інспірацыі пратэстнага руху”, – сказаў Іван Церцель.

Па яго словах, паводле задумы арганізатараў гэтай акцыі, а таксама іх куратараў за мяжой, плануецца абвінаваціць у цяжкіх наступствах сілавыя структуры Беларусі.

“І тым самым практычна выкарыстоўваць апошні шанец на рэалізацыю сваіх планаў. У гэтых умовах камітэтам ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па праверцы інфармацыі, устанаўленні ўсіх датычных асоб і прыцягненні іх да адказнасці”, – адзначыў старшыня КДБ.

Іван Церцель дадаў: “У сувязі з гэтым хачу папрасіць нашых грамадзян быць пільнымі, паклапаціцца пра сваіх блізкіх, не дапусціць іх уцягвання ў супрацьпраўную дзейнасць”.

У сваім тэлеграм-канале “Наша Ніва” таксама нагадала, калі раней у гісторыі незалежнай Беларусі ўлады заяўлялі пра падрыхтоўку правакацый.

Такія заявы гучалі перад выбарамі ў 2006 годзе (“пацукі ў вадаправодзе” і “падпалы”), у 2010-м (“баевікі з арматурай”), 2015-м (“баевікі з Украіны”), 2017-м (“Белы легіён” нібыта рыхтаваў правакацыю на Дзень Волі, але гэта таксама аказалася фэйкам Фрау А.). А таксама падчас выбараў гэтага года (спачатку “200 вагнераўцаў”, пасля “200 баевікоў з Украіны”; увядзенне нагляду за ўдзельнікамі мітынгаў за Ціханоўскую, бо нібыта рыхтавалася правакацыя, але, на думку назіральнікаў, проста каб адпужаць людзей ад удзелу). Перыядычна чуткі пра тое, што “ў гэтую нядзелю будзе нешта страшнае”, запускаліся перад нядзельнымі маршамі ў Мінску, але яны ніколі не спраўджваліся.

Поделиться: