Гродзенцы праз суд дамагаюцца сустрэчы з дэпутатам

Ленінскі суд Гродна адмовіў у задавальненні скаргі выбаршчыкаў 51-й акругі на рашэнне Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, які не задаволіў іх патрабаванне аб правядзенні сходу з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ліліяй Кір’як.

Выбаршчыкі 51-й акругі Гродна напрыканцы жніўня сабралі неабходную колькасць подпісаў за тое, каб гарадскі Савет арганізаваў ім сустрэчу з іх дэпутатам.

Падставай для сустрэчы стала тое, што дэпутат Лілія Кір’як ніякім чынам не адрэагавала на затрыманні і насілле над мірнымі пратэстоўцамі пасля выбараў. І гэта нягледзячы на тое, што яе выбаршчыкі неаднойчы звярталіся да яе з такім патрабаваннем.

Аднак гарадскі Савет палічыў, што такая сустрэча немэтазгодная, паколькі дэпутацкія паўнамоцтвы не даюць права на ўмяшальніцтва ў дзейнасць праваахоўных органаў. Выбаршчыкі падалі скаргу ў суд.

У судовым пасяджэнні прысутнічалі некалькі дзясяткаў заяўнікаў. Многія з іх абураліся рашэннем гарсавета і сведчылі аб бяздзейнасці дэпутата. Аднак суд, выслухаўшы іх аргументы, скаргу ўсё ж не задаволіў.

“Канешне, рашэнне суда нельга лічыць законным, – перакананы юрыст Дзмітрый Салаш. – У суда былі ўсе падставы, каб задаволіць нашу скаргу і абавязаць гарсавет правесці такі сход. Мы ж проста ініцыявалі сустрэчу з дэпутатам, каб паслухаць яе пазіцыю, магчыма, яна нам шмат што патлумачыла б. А нам проста тупа забаранілі”.

Асобна юрыст спыніўся на кампетэнцыі гарсавета: у Савета няма паўнамоцтваў забараняць сустрэчу.

“У іх ёсць права праверыць подпісы, якія мы ім падалі разам з лістом, каб яны сапраўды належалі выбаршчыкам гэтай канкрэтнай акругі. І арганізаваць месца для сустрэчы з дэпутатам. І гэта ўсё, на што меў права гарадскі Савет, а не адмаўляць у сустрэчы”, – канстатуе Дзмітрый Салаш.

Хаця рашэнне суда, прынятае адносна іх скаргі згодна з заканадаўствам, не падлягае абскарджванню, тым не менш юрыст кажа, што ў выбаршчыкаў ёсць яшчэ адзін варыянт.

“Яны ўсё роўна будуць патрабаваць сустрэчы з Кір’як на падставе таго, што, згодна з законам “Аб дэпутатах”, яна не правяла чарговую справаздачную сустрэчу з выбаршчыкамі”, – удакладняе юрыст.

Ён кажа, што папярэдняя дамова з дэпутаткай была, але пазней яна перастала выходзіць на сувязь: не адказвае на тэлефонныя званкі і ў сацсетках.

“Мы маем намер яшчэ раз адправіць ліст непасрэдна ёй, а таксама на адрас Палаты прадстаўнікоў, бо мы, яе выбаршчыкі, хочам з ёй сустрэцца”, – кажа Салаш. Літаральна днямі выбаршчыкі напісалі зварот да Ліліі Кір’як з патрабаваннем, каб яна выступіла ў парламенце з ініцыятывай унесці змены ў закон “Аб масавых мерапрыемствах”.

Акрамя гэтага, выбаршчыкі маюць намер звярнуцца да дэпутаткі, з тым каб яна зноў-такі ў заканадаўчым сходзе агучыла іх прапанову: не рабіць такой паспешнай канстытуцыйнай рэформы, як на гэта настроілася выканаўчая ўлада.

“Як гэта наогул разумець – за два тыдні яны хочуць сабраць прапановы па зменах у Канстытуцыю?! Такія рэчы з наскоку не робяцца, над гэтым гадамі працуюць найбольш кваліфікаваныя юрысты”, – дадае Дзмітрый Салаш.

Да ўсяго, дадае наш суразмоўца, у выбаршчыкаў акрамя пытанняў, звязаных з палітычным крызісам у краіне, насіллем сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян, ёсць і пытанні больш вузкай накіраванасці. У прыватнасці, праблемы азелянення горада, добраўпарадкавання і рамонту кантралюемай дэпутатам акругі.

Выбаршчыкі, з яго слоў, маюць намер працаваць, і іх дэпутат папросту не мае права заставацца ўбаку.

Публікацыя – з № 82 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: