Ці вернецца ў Беларусь Тадэвуш Кандрусевіч?
Тадэвуш Кандрусевіч. Фота з адкрытых крыніц

Прэс-сакратар Беларускай каталіцкай царквы Юрый Санько паведаміў “Народнай Волі”, што зараз вядзецца перапіска з вышэйшымі інстанцыямі з нагоды вяртання ў краіну старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

Нагадаем, што 31 жніўня Тадэвушу Кандрусевічу не дазволілі вярнуцца з Польшчы дадому. Праз нейкі час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з’явілася інфармацыя аб магчымай наяўнасці ў Кандрусевіча не аднаго грамадзянства і, як быццам, гэтую інфармацыю цяпер правяраюць.

Да гэтага часу не было вядома, на якой падставе арцыбіскупа не пусцілі на радзіму, і нават з’явіліся чуткі, што Т.Кандрусевіча маглі пазбавіць беларускага грамадзянства, але кіраўнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун запэўніў, што гэта не так:

“Кандрусевіч не пазбаўлены грамадзянства, бо па гэтым пытанні патрабуецца вынясенне заключэння. Міністэрства ўнутраных спраў проста ў цяперашні час праводзіць праверку яго прыналежнасці да грамадзянства Рэспублікі Беларусь і прадстаўленых ім дакументаў пры праходжанні працэдуры натуралізацыі.

Штогод праводзіцца больш за тысячу падобных працэдур у дачыненні да асоб, якія маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Праверка ў дачыненні да Тадэвуша Кандрусевіча была распачата яшчэ да яго ад’езду ў Польшчу, так што падзеі – усяго толькі супадзенне. Так атрымалася па сукупнасці абставін. Працэдура была крыху раней пачата, а ён у гэты час з’ехаў. Нам было б таксама больш выгадна, калі б ён быў бы тут”.

– Пакуль ніякай новай інфармацыі ад МУС мы не маем, – кажа Юрый Санько. – Таму чакаем нейкай канкрэтыкі, у гэтым накірунку і працуюць адвакаты. Вядома, што запыты яны адправілі не толькі ў Міністэрства ўнутраных спраў, але і ў розныя вышэйшыя інстанцыі.

– Якія апошнія навіны ад спадара Кандрусевіча?

– На днях меў з ім размову, ён паведаміў, што па-ранейшаму праводзіць святую імшу ў капліцы пад Беластокам.

Таксама пры магчымасці займаецца сваім здароўем, бо ў яго і раней былі праблемы з нагамі. Шмат моліцца, ходзіць на шпацыр, каб не паддавацца роспачы.

– У Польшчы не адмяняюцца службы з-за каранавіруса?

– Наколькі вядома, пакуль асаблівых абмежаванняў няма, але, безумоўна, прымаюцца ўсе меры перасцярогі ад хваробы. Масавых збораў людзей пазбягаюць.

– 11 кастрычніка ў Мінск прыбыў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч…

– Так, афіцыйны прадстаўнік Папы Францішка быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі яшчэ 21 мая, але з-за пандэміі не мог раней прыехаць у краіну.

Натуральна, Антэ Ёзіч будзе займацца і праблемай вяртання ў краіну Тадэвуша Кандрусевіча. Гэта на сёння адно з прыярытэтных пытанняў…

Поделиться: