Чаму Беларусі патрэбна перамога мірных пратэстаў?

598
Валерий Карбалевич
Валерий Карбалевич

Візіт у турму А.Лукашэнкі, які меркаваўся як крок да разрадкі грамадскай напружанасці, наадварот, прывёў да эскалацыі супрацьстаяння. Тут і сілавыя сутыкненні 11 і 12 кастрычніка. І ўльтыматум Святланы Ціханоўскай, у якім яна ўжо не заклікае да перамоў, а патрабуе зыходу Лукашэнкі ў бясспрэчным парадку. І заява намесніка міністра МУС Генадзя Казакевіча, што міліцыя гатова ўжыць агнястрэльную зброю.

Пасля падзей у Кыргызстане, дзе пратэстуючы народ адразу перайшоў да сілавых дзеянняў, за адзін дзень захапіў уладныя ўстановы і дабіўся перамогі, у медыях і сацыяльных сетках хто-ніхто параўноўваў іх з беларускімі рэаліямі. Маўляў, чаму б у нас так не зрабіць? Выказваліся думкі, што і нам трэба дзейнічаць больш рашуча.

Аднак любыя аналогіі з іншымі краінамі трэба праводзіць вельмі асцярожна. Беларусь і Кыргызстан – краіны з рознымі палітычнымі сістэмамі, не кажучы ўжо пра менталітэт народаў. У Кыргызстане існуюць даўнія супярэчнасці паміж насельніцтвам паўночных і паўднёвых рэгіёнаў. Там здаўна падтрымліваецца баланс сіл паміж імі, апазіцыя прадстаўлена ў парламенце і іншых органах улады.

У Беларусі ўсё па-іншаму. Тут існуе моцны, маналітны і кансалідаваны аўтарытарны рэжым. Ні адзін дзяржаўны інстытут фактычна не выбіраецца народам, не падсправаздачны народу, не кантралюецца народам. Усе яны прызначаюцца зверху Лукашэнкам. Існуе жорсткая ўладная вертыкаль. У парламенце, мясцовых органах улады няма апазіцыянераў. Дзяржаўны апарат ніяк не залежыць ад народа, таму і не рэагуе на яго патрабаванні, а захоўвае лаяльнасць А.Лукашэнку.

Акрамя таго, негвалтоўныя метады пратэсту абумоўліваюцца і рацыянальнымі прычынамі.

Найперш, у супрацьстаянні паміж мірнымі дэманстрантамі і ўзброенымі да зубоў прадстаўнікамі сілавых структур перавага заўсёды на баку апошніх.

Па-другое, шматлікія даследаванні пераможных рэвалюцый паказваюць, што негвалтоўныя дзеянні пратэстуючага народа былі больш эфектыўныя. Яны выклікаць спачуванне большасці народа, замежных суб’ектаў, а жорсткасць ахоўнікаў парадку, наадварот, сустракае асуджэнне.

Па-трэцяе, Уладзімір Пуцін публічна паабяцаў, што як толькі ў Беларусі ўспыхнуць беспарадкі, то ён ўвядзе сюды расійскія вайсковыя падраздзяленні.

Нарэшце, па-чацвёртае, самае галоўнае. Гвалтоўная рэвалюцыя нават у выпадку яе перамогі пакідае вялікі негатыўны след, цяжкую псіхалагічную траўму ў грамадскай свядомасці соцыуму. Вось цяпер мяжа паміж дабром і злом у беларускім канфлікце настолькі відавочная, ясная, празрыстая, што любому неангажаванаму чалавеку лёгка рабіць выбар, на чыім баку праўда і справядлівасць. Пратэстуючы народ мае вялізную маральную перавагу. А ў выпадку грамадзянскай вайны, калі з’явяцца ахвяры, гэтая мяжа будзе ўжо не такая відавочная.

У беларускай рэвалюцыі ўжо ёсць ахвяры. Па меншай меры чатыры чалавекі загінулі ў выніку сілавога разгону супрацоўнікамі МУС народных пратэстаў. Хочацца, каб гэта былі апошнія ахвяры на алтар свабоды.

Фактычна цяпер на нашых вачах, нашымі рукамі ствараецца новая свабодная беларуская нацыя, грамадзянская супольнасць. Гэта новае беларускае адраджэнне. Менавіта цяпер закладваецца той падмурак, на якім будзе будавацца новая постлукашэнкаўская Беларусь. І вельмі хочацца, каб ён быў не замешаны на крыві.

Рэвалюцыя, якая перамагае з дапамогай гвалтоўных метадаў, стварае адпаведную грамадскую атмасферу. Насілле закладваецца ў палітычны, ментальны код абуджанага соцыуму. І ад яго цяжка будзе пазбавіцца. Палітычныя сілы па звычцы будуць выкарыстоўваць падобныя метады, якія аднойчы далі эфект. Насілле будзе паўтарацца зноў і зноў.

Сёння беларусы выходзяць на вуліцу, бо ў краіне поўнасцю адстунічаюць легальныя механізмы абароны іх інтарэсаў. У дзяржаве няма нармальных пляцовак для грамадскіх дыскусій. Вось цяпер дэпутаты парламента аб’явілі, што збіраюць прапановы для канстытуцыйнай рэформы. Але хто лічыць у Беларусі дзейны Нацыянальны сход органам народнага прадстаўніцтва? Адказ відавочны. На цяперашні момант 9,5-мільённы народ не мае сваіх прадстаўнікоў ні ў адным органе ўлады. Галоўным камунікатарам улад з народам стаў АМАП.

Людзі сыдуць з вуліцы тады, калі запрацуюць нармальныя дэмакратычныя механізмы, з дапамогай якіх насельніцтва можа даводзіць свае патрабаванні да ўлады. То-бок калі народ возьме ўладу ў свае рукі.

Гвалтоўныя метады ўжываюцца тады, калі не працуюць дэмакратычныя механізмы. Менавіта такія механізмы і павінны быць закладзены ў постлукашэнкаўскую дзяржаву. Гэта мусіць стаць вынікам мірнай беларускай рэвалюцыі.

Публікацыя – з № 82 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання