
Старшыня Беларускага цяжкаатлетычнага саюза Міхаіл Рабікоўскі распавёў “Народнай Волі”, што 20 кастрычніка ў мужчынскай зборнай Беларусі будзе новы галоўны трэнер. Хто будзе кіраваць зборнай?
– 20 кастрычніка падчас атэстацыі будзе прызначаны новы галоўны трэнер мужчынскай каманды. Пакуль ніякія прозвішчы называць не буду, бо кандыдатуру спачатку павінна зацвердзіць Міністэрства спорту і турызму. Як кажуць, не хачу бегчы наперадзе цягніка.
– Новы трэнер – новыя падыходы?
– Не думаю, што ў трэніровачным працэсе каманды нешта моцна зменіцца. Усе штатныя трэнеры застаюцца, вялікіх змен не будзе. Зборная трэніруецца ў звычайным рэжыме.
Зараз, напрыклад, зрабілі заяўку на ўдзел у чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы да 17 гадоў. Планавалася, што ён адбудзецца з 11 па 18 лістапада ў Перу, але з-за пандэміі спаборніцтвы хочуць правесці анлайн. Трэба ўдзельнічаць, бо яшчэ не вядома, як увогуле будзе складвацца сітуацыя з каранавірусам і на якім свеце ў сувязі з гэтым будзем мы. Пакуль спартсмены толькі трэніруюцца – спаборніцтваў няма.
– Анлайн-чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы – гэта нешта новае. Як усё будзе выглядаць?
– Усе зборныя будуць выступаць дома, у сваіх спартыўных залах, будуць ісці трансляцыі з розных краін. Мы, напрыклад, плануем выступаць на базе ў Стайках. Усё будзе пад відэаназіраннем – узважванне, падыходы, тэхнічнае выкананне.
Падабаецца вам такая сістэма альбо не – ніхто не пытаецца. Становішча безвыходнае, зараз увесь свет спрабуе жыць і працаваць у новым фармаце.
– Як асабіста вам такі фармат?
– Шчыра кажучы, не вельмі, бо, як мне падаецца, гэта будзе выступленне ўсляпую. Калі праходзіць класічны чэмпіянат, то ты бачыш саперніка, ведаеш, як настройвацца. А тут атрымліваецца, што кожны змагаецца ціха сам з сабою. А затым ужо параўнаюць вынікі ўсіх і абвесцяць пераможцу.
Не будзе традыцыйнага ўзнагароджвання, узыходжання на п’едэстал, а гэта ж таксама важны момант для спартсменаў. Адным словам, такія спаборніцтвы мне падаюцца некалькі штучнымі, хаця, паўтаруся, на гэты момант іншага выйсця няма. Лепш перастрахавацца, чым затым хварэць.