Аляксандры Раманоўскай зрабілі аперацыю
Аляксандра Раманоўская

Нагадаем, што не так даўно стала вядома, што лепшую спартсменку мінулага года, чэмпіёнку свету па фрыстайле Аляксандру Раманоўскую звольнілі з нацыянальнай каманды “за прагулы”, хаця ў яе была форс-мажорная сітуацыя: бацька спартсменкі перанёс інсульт, не было каму вазіць яго ў бальніцу, гэтым займалася Аляксандра.

У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі на гэта не звярнулі ўвагі, хаця ўсім было зразумела, што насамрэч Раманоўскую звольнілі за яе актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Загад уступіць у сілу 16 кастрычніка, але рашэнне РЦАП будзе аспрэчвацца.

Акрамя таго, раней і галоўнага трэнера зборнай Беларусі Мікалая Казеку пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі. Ён таксама асудзіў гвалт на вуліцах Беларусі пасля выбараў.

– На гэтым тыдні Сашы зрабілі аперацыю, – распавёў “Народнай Волі” Мікалай Казека. – Урачы, якія яе праводзілі, кажуць, што ўсё прайшло паспяхова. Гэта была такая касметычная аперацыя, быў рубец на каленным суставе, і яго, так бы мовіць, нівеліравалі.

– Колькі часу працягнецца рэабілітацыя?

– Пакуль нічога не вядома, медыкі будуць адштурхоўвацца ад таго, як пойдзе працэс аднаўлення.

– Улічваючы, што Сашу звольнілі, якія яе далейшыя спартыўныя перспектывы?

– Пакуль яна знаходзіцца на бальнічным, а далей пабачым, што будзе. Хацелася б верыць у лепшае.

– Вас пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі, і грошы за пэўны перыяд вы павінны вярнуць дзяржаве. Якая гэта сума?

– Дакладна не ведаю, бо пакуль гэты працэс ідзе, і не хочацца бегчы наперадзе цягніка.

– Як зараз працуецца ў свеце апошніх падзей?

– Працуем у штатным рэжыме, зараз крыху сітуацыя супакоілася.

– Ведаю, што на гэтым тыдні да вас прязджаў і алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір, які зараз працуе трэнерам са зборнай Казахстана. Вучань вырашыў падтрымаць настаўніка?

– Антон зараз насамрэч у Мінску. Тут і пандэмія паўплывала, і аперацыю трэба было рабіць з-за старых траўм. А заходзіў да мяне ў госці акурат пасля свайго дня нараджэння. Прынёс сок, торт, сушы, душэўна пасядзелі. Нам было пра што пагаварыць…

Публікацыя – з № 82 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: