Алесь СІЛКОЎ: «Я за ўсё жыццё столькі не піў, колькі за гэтыя два тыдні!»
Алесь Сілкоў

Каардынатар кампаніі “Права выбару” Алесь Сілкоў перахварэў на каранавірус. І атрымаў 600 рублёў!

Справа ў тым, што некалькі месяцаў таму жонка застрахавала Сілкова ад гэтай хваробы, і, паколькі каранавірус быў афіцыйна пацверджаны, страхавая кампанія выплаціла грамадскаму актівісту грошы.

“Народная Воля” пацікавілася падрабязнасцямі.

– Гісторыя пра страхоўку вельмі простая: мая жонка працуе ў “Белнафтастрахе”, і, ведаючы, што мне прыходзіцца па працы вельмі шмат ездзць, яна яшчэ ў красавіку застрахавала мяне ад каранавіруса, – распавядае “Народнай Волі” Алесь Сілкоў. – Кошт пытання, калі не памыляюся, каля 30 рублёў. Увесну мяне пранясло – хвароба прайшла бокам. Тады многія засталіся на самаізаляцыі, не пускалі дзяцей ў школу. А цяпер назіраецца даволі вялікі рост выпадкаў захворвання на COVID-19. Паводле маіх адчуванняў, сёння захварэць можа любы чалавек, бо многія расслабіліся.

– Вам дзеці вірус са школы прынеслі?

– Не. У жонкі на працы захварэў увесь аддзел, а я ўжо ад яе дома падчапіў.

Адразу хачу аддаць належнае нашым медыкам, сказаць ім вялікі дзякуй. Праўда, калі я першы раз звярнуўся з тэмпературай у паліклініку, мяне адправілі дахаты. Паслухалі, памералі кісларод у крыві і сказалі, што кавіда няма, – маўляў, звычайная прастуда. Але я вярнуўся дахаты і зразумеў, што ў мяне дакладна каранавірус, бо проста ў адзін момант перастаў адчуваць пахі. У нас кавамашына, а я зусім не чуў прыемнага водару гэтага напою! Тады мы ўжо выклікалі доктара дахаты, тым больш што і жонка хварэла на каранавірус. У мяне ўзялі мазок з горла і з носа, і аналіз даў станоўчы вынік на COVID-19. Далей ты падпісваеш паперу, што на два тыдні застанешся дома. А потым… адчуваеш сваю поўную бездапаможнасць! Бо ведаеш, што ад каранавіруса няма ніякіх лекаў. І ты лічыш дні і пільна прыслухоўваешся да свайго арганізма.

– Якія рэкамендацыі далі вам дактары?

– Выпісалі антыбіётыкі і параілі больш піць. Шчыра скажу: я за ўсё жыццё столькі не піў, колькі за гэтыя два тыдні! Гарбату, каву, ваду. Літрамі!

За гэты перыяд нас з жонкай некалькі разоў правяралі, дома мы альбо не. Між іншым, вельмі дакладна працуюць медыкі: калі сказалі, што прыедуць браць кроў, напрыклад, 10-га чысла, то так і прыязджаюць.

Дарэчы, у мяне кантрольны аналіз крыві даў адмоўны вынік, быццам бы я і не хварэў! Я здзівіўся. Калі прыйшоў да ўчастковага тэрапеўта, доктар патлумачыў: вы сапраўды перахварэлі на каранавірус, але ваш арганізм не выпрацаваў антыцелы. Цікавая рэч: у жонкі знайшлі антыцелы, а ў мяне – не. Чаму так адбываецца – не магу патлумачыць. Можа, справа ва ўзросце? Яна ж маладзейшая за мяне на 12 гадоў: мне 51 год, а ёй – 39. Можа, з-за гэтага? А можа, справа зусім і не ва ўзросце. Карацей, доктар сказаў, што я нікога не магу заразіць каранавірусам, але вось сам захварэць яшчэ раз – гэта верагодна!

Ад сэрца скажу: пасля хваробы заходжу ў магазін, і мяне сапраўды жах бярэ – людзі без масак! Такое адчуванне, што мы самі над сабой праводзім такі вельмі небяспечны эксперымент…

Яшчэ адно важнае пытанне – школа. Нашы дзеці не хварэлі, але паколькі яны з намі ўвесь час у адной кватэры, то чыста тэарэтычна маглі быць пераносчыкамі віруса. Таму мы іх у школу не пусцілі, у паліклініцы бралі адпаведную даведку.

– Колькі ў вас дзяцей?

– Двое. Адзін у трэцім класе, другі ў чацвёртым. Школа зараз не пераходзіць на дыстанцыйнае навучанне, і калі ў некага бацькі хварэюць, то дзеці як кантакты першага ўзроўню вельмі проста могуць разносіць гэту заразу.

Я не хачу наводзіць страх, але перакананы, што на каранавірус перахварэе кожны! І шмат ужо хто перахварэў, але пра гэта не здагадваецца, бо хвароба можа быць і цалкам бессімптомнай. У мяне самога спачатку было адчуванне, што падхапіў звычайны вірус, а не гэты новы страшэнны. З незвычайных сімптомаў у мяне была толькі страта нюху. Першыя два дні паднімалася тэмпература, а потым яна нармалізавалася. І ўсё. Апошні тыдзень мы з жонкай толькі пілі гарбату і глядзелі серыял “Гульня тронаў”. І яшчэ з дзецьмі ўрокі рабілі – давялося наноў вывучаць падручнік па матэматыцы для чацвёртага класа.

– Пашанцавала, што была лёгкая форма хваробы.

– Так, бо некаторыя мае знаёмыя вельмі цяжка хварэюць – у бальніцах, пад кропельніцамі. Але! З дыягназам каранавірус ты міжволі вельмі ўважліва прыслухоўваешся да свайго арганізма, рэагуеш на кожную дробязь, нават калі ў цябе нескладаны выпадак.

Канешне, было б добра, калі хаця б для свайго заспакаення можна было зрабіць камп’ютарную тамаграфію лёгкіх. Я думаў пайсці зрабіць КТ ў прыватным медцэнтры, каб ўпэўніцца, што ўнутры таксама ўсё добра.

– А вам накіраванне на КТ не далі?

– Не, паслухалі і сказалі, што ўсё нармальна. Але я нават і не ведаю, дзе ў нас у Магілёве можна, хай сабе і платна, зрабіць КТ. Калі тэмпература, “хуткая”, ты не можаш дыхаць – тады ў клініцы, канешне, зробяць. А вось каб самастойна – не ведаю, куды звяртацца.

Паўтаруся: вялікі дзякуй медыкам, якія выяўляюць, прыязджаюць, кантралююць і ўвогуле робяць тое, што могуць у гэтай сітуацыі. Ну а паколькі лекаў ад гэтай хваробы няма, то кожны павінен спадзявацца толькі на самога сябе, свой імунітэт, выконваць меры бяспекі.

Вясной я толькі чытаў пра COVID-19, і было адчуванне, што ён недзе далёка. А зараз хварэе ўжо блізкае кола, сябры… Таму ўсім хачу парэкамендаваць: беражыце сябе, апранайце маску ў грамадскіх месцах! І страхуйцеся, пакуль гэта магчыма, хвароба сур’ёзная! Бо ў мяне адчуванне, што многія ставяцца да сітуацыі з каранавірусам з такой уласцівай беларусам бязладнасцю. Дарэмна!

Публікацыя — з № 82 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: