Сцягі дзяржаў – членаў АДКБ. Фота: jscsto.org
Сцягі дзяржаў – членаў АДКБ. Фота: jscsto.org

15 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся з генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем і заявіў, што гэтая арганізацыя вельмі важная, і яе трэба развіваць. Акрамя таго, ён закрануў тэму ўмяшання Захаду ў падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне цягам апошніх двух месяцаў, і таго, як павінна на гэта рэагаваць АДКБ. Беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч з гэтай нагоды выказаў сваё меркаванне.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем даводзіў, што беларускія пратэсты – гэта вынік заходняга ўмяшання. І заявіў: “У маёй першай размове з Пуціным я якраз сказаў пра гэта: зараз мы, напэўна, зразумелі, што такое гэтая АДКБ і для чаго нам гэтая арганізацыя патрэбная”.

Цікавая выснова. Увогуле АДКБ стваралася для абароны яе членаў ад знешняй агрэсіі. Але ў гэтай ролі аказалася незапатрабаванай. У ваенныя канфлікты членаў гэтай арганізацыі АДКБ не ўмешвалася. Вось апошні прыклад, калі член гэтага ваенна-палітычнага саюза Арменія ўступіла фактычна ў вайну з Азербайджанам. АДКБ рэагавала толькі на ўзроўні заяў.

Аднак Арганізацыя дагавора аб калектыўнай бяспецы прымярае на сябе іншую ролю: абароны аўтарытарных рэжымаў, існуючых у краінах-членах, ад іх народаў. Лукашэнка ўвесь час патрабуе ад АДКБ пераарыентавацца на гэтую функцыю, не прапісаную ў яе статуце. Ён падымаў гэтае пытанне падчас рэвалюцыі ў Кыргызстане 2010 года і ў Арменіі 2018-га.

Як вядома, Уладзімір Пуцін заявіў аб гатоўнасці паслаць у Беларусь расійскія вайсковыя падраздзяленні дзеля абароны ўлады Лукашэнкі. Пры гэтым афіцыйныя асобы РФ спасылаліся ў тым ліку на абавязацельствы Расіі ў рамках АДКБ.

Поделиться: