Ансамбль
Ансамбль "Харошкі". Фота: philharmonic.by

Сёння Беларускі фонд культурнай салідарнасці выступіў з адкрытай заявай у сувязі з запланаванымі канцэртамі ансамбля “Харошкі” на сцэне Купалаўскага тэатра.

“Мы вельмі заклапочаныя сітуацыяй вакол паважанага і вядомага на ўвесь свет ансамбля “Харошкі”. Дырыжор ансамбля “Харошкі” Іван Ерамеевіч падпісаўся пад адкрытым лістом дзеячаў культуры і сёння быў звольнены са сваёй пасады. У калектыве праз адміністрацыйны ціск адбываецца раскол. Івана прымусілі сысці з-за ягонай грамадзянскай пазіцыі, тых, хто застаўся, схіляюць да лаяльнасці і штрэйкбрэхерства. Менавіта так можна расцэньваць настойлівую прапанову ад Міністэрства культуры “Харошкам” зайграць ды станцаваць на апусцелай сцэне Купалаўскага тэатра, разагнанага рэжымам на сваё 100-стагоддзе”, – гаворыцца ў звароце.

Беларускі фонд культурнай салідарнасці бачыць у гэтай прапанове відавочную спробу зноў падзяліць дзеячаў культуры на “сваіх” ды “варожых”, лічыць яе крокам супраць купалаўцаў, што змагаюцца з уладным гвалтам і ціскам.

Вядома, што аркестр ансамбля адмовіўся ад запланаваных на 15 і 16 кастрычніка выступленняў у Купалаўскім тэатры – канцэрты будуць праходзіць пад фанаграму, што ганебна для ансамбля, які заўсёды працаваў з жывым гукам. У праграме канцэрта запланавана таксама выступленне дзіцячай студыі “Харошак”, і некаторыя бацькі не хочуць, каб іх дзеці выходзілі на сцэну.

Калі выступленне “Харошак” на сцэне Купалаўскага ўсё ж адбудзецца, гэта назаўсёды застанецца бруднай плямай у гісторыі калектыву і забяспечыць яму сумны статус “здраднікаў”, яго міжнародная рэпутацыя будзе непапраўна сапсавана, сцвярджае Беларускі фонд культурнай салідарнасці.

“Заклікаем удзельнікаў “Харошак” і асабіста народную артыстку Беларусі Валянціну Гаявую адмовіцца ад гэтага выступлення і такім чынам праявіць салідарнасць з купалаўцамі, звольненым дырыжорам свайго калектыву і ўсімі дзеячамі культуры, пацярпелымі з-за сваіх перакананняў”, – рэзюміравалі аўтары звароту.

Беларускі фонд культурнай салідарнасці быў створаны як адказ на палітычны крызіс у краіне. Яго галоўная мэта – юрыдычна, матэрыяльна і псіхалагічна дапамагчы прадстаўнікам культурнай супольнасці Беларусі.

Поделиться: