Марыя Тульжанкова. Фота з адкрытай крыніцы
Марыя Тульжанкова. Фота з адкрытай крыніцы

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Осіпава 15 кастрычніка пакарала  мастачку і дызайнера Марыю Тульжанкову 15 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці, якое праходзіла 30 жніўня. Марыя трымала плакат “Сашы больш не наліваць!”.

Затрымалі  Тульжанкову яшчэ 12 кастрычніка. У яе кватэры прайшоў вобыск, міліцыя забрала камп’ютар і тэлефоны. Мастачка паспела паведаміць праваабаронцам, што яе вазілі ў рэгіянальнае ўпраўленне фінансавых расследаванняў КДК, а пасля – у абласны Следчы камітэт. Гаворка спачатку вялася пра крымінальную справу паводле артыкула 342 – арганізацыя ці ўдзел у масавых беспарадках. Да суда Марыю змясцілі  ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама і толькі сёння судзілі.

Марыя скончыла мастацкае вучылішча, была актыўнай удзельніцай маладзёжнай гісторыка-культурніцкай суполкі “Талака”, ладзіла з аднадумцамі святы Купалля, калядныя забавы, абараняла драўляную забудову горада, стварыла шэраг нестандартных выяў жывёл, змешчаных у Чырвонай кнізе Беларусі, а потым навучалася ў Польшчы ў Акадэміі мастацтваў. Нядаўна яна абараніла там магістарскую дысертацыю і вярнулася ў Гомель.

Поделиться: