Аляксандр Курбан. Фота: svaboda.org
Аляксандр Курбан. Фота: svaboda.org

Свой пратэст Аляксандр Курбан звязаў з палітычнай сітуацыяй у краіне пасля выбараў, якія ён лічыць сфальсіфікаванымі.

15 кастрычніка працаўнік «Беларуськалію» Аляксандр Курбан пасля змены ў знак пратэсту прыкаваў сябе да клеці шахты на глыбіні 440 метраў. А 9-й раніцы тэхнічныя спецыялісты разрэзалі замок, і Курбан добраахвотна падняўся на паверхню.

«Хацеў, каб людзі бачылі, што я пераадолеў свой страх»

«Гэта мая грамадзянская пазіцыя, – кажа Аляксандр Курбан. – Прадуманая, нікім не навязаная мне, ніхто мяне не падбухторваў. Апошняй кропляй стала тое, што супраць старых, якія выйшлі на марш пенсіянераў, ужылі гранаты, труцяць іх газам. Жанчыне сталага веку зламалі руку – гэта стала апошнім краем».

Гэта другі выпадак на «Беларуськаліі», калі шахцёр прыкаваў сябе ў шахце. Раней гэтак зрабіў шахцёр Юрый Корзун.

Аляксандр Курбан тлумачыць, што выбраў месца для свайго пратэсту не выпадкова:

«Я гэта зрабіў каля клеці, дзе збіраецца вельмі шмат шахцёраў, калі падымаецца на паверхню ўся змена. Хацеў, каб людзі бачылі, што я пераадолеў свой страх, я не хачу больш быць рабом гэтай сістэмы. Не хачу плаціць падаткі тым, хто збівае нашых мірных беларускіх людзей».

Як цяпер Аляксандр ацэньвае вынік сваёй акцыі? Лічыць, што яго пачулі?

«Так, мне вельмі шмат пішуць слоў падтрымкі. Толькі што сустрэў на вуліцы свайго былога начальніка, дык ён, чалавек сталага веку, таксама цалкам падтрымаў», – адказаў Аляксандр Курбан.

Паводле яго слоў, рэакцыя шахцёраў на ягоны ўчынак там, у шахце, была розная:

«Большасць усё ж калі праходзілі міма, дык адводзілі вочы. Гэта пазней у каментах, у асабістай перапісцы пішуць словы адабрэння і падтрымкі, але ўсё ж страх яшчэ жыве ў людзях. І ён пакуль мацнейшы за салідарнасць. Але я лічу, што сваю місію я выканаў. Нават тыя, хто прайшоў міма, апусціўшы галаву, яны ўсё роўна ўбачылі мяне, задумаліся, што ёсць людзі, якія не баяцца і будуць адстойваць сваю пазіцыю, мірнае неба над Беларуссю. Каб тут была магчымасць і працаваць, і бізнес развіваць, не апасаючыся за будучыню дзяцей. Вось што я хацеў данесці».

«Дзеля будучыні сваіх дзяцей я гатовы праз усё прайсці»

Паводле слоў Аляксандра Курбана, пры пад’ёме з шахты гвалту да яго не ўжывалі. Ён абверг звесткі пра тое, што яго адчаплялі ад клеці шахты з дапамогай горных ратавальнікаў:

«Не, былі толькі тэхнічныя працаўнікі. Проста разрэзалі замок, і я падняўся, як усе, добраахвотна. Начальства мне потым нічога не наракала. Мяркую, у душы яны мяне падтрымліваюць, але ў іх такія пасады, што не павінны нешта паказваць. Кажуць, што гэта твая пазіцыя, кожны мае права на сваю пазіцыю».

Аляксандр Курбан пацвердзіў, што па выхадзе з шахты яго павезлі ў псіханеўралагічны дыспансэр на праверку.

«Праверылі на алкаголь, нічога не знайшлі, і ацанілі псіхічны стан здароўя. Таксама ўсё добра. Перадалі даведку мне і супрацоўніку РАУС. Але ніякага ціску ад міліцыі ці адміністрацыі не было», – сказаў Аляксандр Курбан. Па ягоных словах, міліцыя не складала на яго пратакол аб парушэнні, але ў далейшым ён такога не выключае:

«Напэўна ж нешта прыдумаюць, бо яны ж нічога без наступстваў не пакідаюць. Паглядзіце, як дзейнічаюць адносна дзеячаў культуры, навукі, спорту. Да ўсіх, хто не з рэжымам, у той ці іншай меры ўжываюць санкцыі. Але што мне наканавана прайсці, тое я прайду. Дзеля будучыні сваіх дзяцей, дзеля будучыні сваёй краіны, каб мы жылі ўсё ж у вольнай краіне, я гатовы праз усё прайсці».

«Увесь свет у нас закахаўся»

Як Аляксандр ставіцца да народнага ультыматуму, які Святлана Ціханоўская абвясціла Аляксандру Лукашэнку?

«Напэўна, калі народ аб’яднаецца вакол адной ідэі, калі па кроплі аб’яднаюцца ў адну плынь, дык вынік будзе. Кожны мусіць па кроплі ад сябе ўнесці. Можа, хто не выйдзе на вуліцу, але, можа, нейкія грошы пералічыць таму ж страйкаму. Вось я шмат разоў пералічаў грошы “Нашай Ніве”, калі яны прасілі дапамагчы фінансава. Калі вось так кожны нешта зробіць, тады мы зможам паказаць вынік, я ў гэта веру. Калі б не верыў і баяўся, я б гэтага не зрабіў», – кажа ён.

Аляксандр Курбан мяркуе, што беларусы ўжо дасягнулі шмат на шляху да дэмакратыі:

«Увесь свет у нас закахаўся, убачыў, што з намі можна мець справу, што мы не нейкія лайдакі, дармаеды, хуліганы, наркаманы ды прастытуткі, а мы прыстойныя людзі. Працоўныя, не здраднікі. Калі мы аб’яднаемся і пераможам, нам будзе дапамагаць увесь свет. Да нас будуць прыязджаць самыя вядомыя людзі».

Да тых беларусаў, якія не падзяляюць ягоных палітычных поглядаў, у Аляксандра збольшага лаяльнае стаўленне:

«За гэта мы і змагаемся, каб яны адумаліся. Беларускі народ такі, што ён і даруе, калі чалавек адумаецца, і дапаможа зноў стаць на ногі. Калі недзе ў казарме чалавеку задурылі галаву, то магчыма і дараванне».

У Аляксандра Курбана дзве дачкі. Шахцёр спадзяецца, што дочкі будуць яго заўсёды падтрымліваць:

«Падрастуць і зразумеюць, што тата гэта рабіў не дзеля нейкай выгады, а дзеля іх будучыні. Каб яны жылі ў вольнай краіне і не баяліся людзей у пагонах. Каб перад імі не стаяў выбар: альбо стаць карнікам-наглядчыкам, альбо нявольнікам. А такая будучыня чакае нашых дзяцей, калі краіна падзеліцца на два лагеры: нечыя дзеці пойдуць дубінкамі махаць, а нечыя – гарбаціцца за капейкі ў шахту. Я супраць такога выбару».

З 15 кастрычніка Аляксандр Курбан далучыўся да страйку працаўнікоў «Беларуськалію», якія патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызвалення палітвязняў і правядзення новых свабодных выбараў.

Поделиться: