Мастак Аляксандр Балдакоў і куратар выстаўкі Ірына Варкулевіч. Фота аўтара
Мастак Аляксандр Балдакоў і куратар выстаўкі Ірына Варкулевіч. Фота аўтара

У Гродне пачала працаваць новая творчая пляцоўка. Першая выстаўка аўтара Аляксандра Балдакова IN FORMA, зладжаная на ёй, па сваім узроўні нічым не саступае сучасным работам у еўрапейскіх галерэях.

Выстаўка адкрылася на лесвіцы, якая вядзе з першага на трэці паверх. Дом вось толькі адрамантаваны звонку, яшчэ не ўсё скончана ўнутры. У яго прыватныя ўласнікі, і яны, як сапраўдныя мецэнаты, дазволілі прапісацца тут мастакам. Пакоі ў доме плануюць здаваць пад офісы, але і сучаснае мастацтва знайшло тут цёплы куточак.

Выстаўка на лесвіцы. Тут і далей фота Аляксандра Балдакова і Ірыны Варкулевіч
Выстаўка на лесвіцы. Тут і далей фота Івана Цыркуновіча

Мастак Аляксандр Балдакоў па адукацыі сцэнограф і часта працуе з прасторай. Яму падабаецца гэтае новае месца ў “Доме на Гараднічанскай”, якое, як ён сам заўважае, “на старых карэннях”.

Элемент экспазіцыі
Элемент экспазіцыі

І вось на гэтай цудоўнай адноўленай старой лесвіцы – простыя геаметрычныя формы, якія пераходзяць у розныя аб’ёмныя мадэлі і вобразы. Што вельмі цікава, прастора на лесвічнай пляцоўцы развіваецца па вертыкалі, і гэта дадае новыя магчымасці для незвычайнасці. Мастак распавядае, што яму цікава працаваць і з рознымі людзьмі, і з рознымі матэрыяламі.

Элемент экспазіцыі
Элемент экспазіцыі

“Мне хочацца спалучэння новага і рознага – новых форм, новых матэрыялаў, – распавядае ён. – Я за сінтэз, сплаў, бо гэта прыводзіць да нечаканых вынікаў у мастацтве”.

Праект IN FORMA, паводле слоў мастака, названы так, бо сумяшчае два сэнсы – сутнасць і інфармацыю, і менавіта інфармацыю ён хацеў адлюстраваць у форме.

Элемент экспазіцыі
Элемент экспазіцыі

Выстаўка мае сувязь з архітэктурай, інтэр’ерам, але гэта не дэкаратыўнае мастацтва. Гэта работы са сваімі рытмам, фактурай, структурамі, якія ўпісваюцца ў канкрэтную прастору і развіваюць яе.

Элемент экспазіцыі
Элемент экспазіцыі

“Мне вельмі хацелася найперш дабіцца нейкай прастаты, чысціні, бо ў наш час вельмі шмат сумбуру і інфармацыі, а чыстыя формы знікаюць, – разважае мастак. – А я імкнуўся знайсці баланс і гэтым самым як бы стабілізаваць прастору вакол сябе”.

Элемент экспазіцыі
Элемент экспазіцыі

Куратар выставы Ірына Варкулевіч, якая і прапанавала Аляксандру Балдакову зрабіць тут экспазіцыю, з маёй заўвагай пра тое, што я не знаходжу ў ёй ніякіх нотак, якія б хоць нейкім чынам прыводзілі яе ў гармонію са старым гродзенскім домам, не пагаджаецца.

Элемент экспазіцыі
Элемент экспазіцыі

“Паглядзіце – гэта еўрапейская выстава па сутнасці і форме, і гэты дом ХІХ стагоддзя таксама еўрапейскі, – канстатуе суразмоўца. – Мы дасталі еўрапейскі горад Гродна з-пад налёту еўрарамонта – вось ён тут, ён нікуды не падзеўся. І выстаўка ў ім такога ж узроўню, як сёння адбываюцца ў Парыжы ці Берліне. Гэта ўсё таму, што мы самі заўсёды былі і застаёмся еўрапейцамі”.

Агульны выгляд выстаўкі
Агульны выгляд выстаўкі

Паводле слоў Ірыны Варкулевіч, у “Доме на Гараднічанскай” ужо запланавана серыя новых выставак, якія прыемна ўразяць гродзенцаў і гасцей горада.

Поделиться: