Фота: Айцец Аляксандр Богдан
Фота: Айцец Аляксандр Богдан

У Ваўкавыску на асуджанага за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве святара міліцыя склала яшчэ адзін пратакол. 

Суддзя быў здзіўлены …

Праваслаўны святар Аляксандр Богдан распавёў “Народнай Волі”, што першы раз супрацоўнікі міліцыі склалі на яго рапарт за тое, што ён ўсклаў кветкі да імправізаванага мемарыяла ля музея Баграціёна, дзе працаваў дырэктарам загінуўшы пасля прэзідэнцкіх выбараў Канстанцін Шышмакоў, а пасля разам з іншымі ў калоне вяртаўся дадому.

– Я асабіста быў знаёмы з Канстанцінам Шышмаковым, і хацеў ушанаваць яго памяць, – распавядае бацюшка.

У жніўні “Народная Воля” пісала аб знікненні дырэктара Ваўкавыскага музея. Увечары 15 жніўня ён патэлефанаваў жонцы, сказаў, што не будзе больш працаваць у музеі і што едзе дадому. Са слоў бацькі, Канстанцін адмовіўся падпісаць выніковы пратакол выбарчай камісіі 9 жніўня. Ягоны аўтамабіль знайшлі ў Мастоўскім раёне 18 жніўня, ягонае цела – у лесе побач. У Канстанціна Шышмакова засталіся жонка і маленькая дачка. Ніякай афіцыйнай інфармацыі аб выніках следства пакуль няма.

Да музея прыйшлі і іншыя людзі, якія пасля ўскладання кветак прапанавалі правесці бацюшку дахаты. Некаторыя трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі.

Пазней праз тэлефонны званок яго запрасілі на размову ў міліцыю. Там ужо былі складзены рапарты двух супрацоўнікаў, у якіх было запісана, што святар ішоў у калоне і выкрыкваў лозунгі. Быў складзены пратакол, але Аляксандр Богдан з ім не пагадзіўся.

Некаторыя міліцыянеры, з яго слоў, спрабавалі дакараць: маўляў, бацюшка павінен заклікаць да міру, а не хадзіць на несанкцыянаваныя мітынгі. У адказ айцец Аляксандр запрасіў іх прыходзіць у храм і там паслухаць, да чаго ён заклікае прыхаджан у пропаведзях.

Падчас судовага пасяджэння, заўважае святар, суддзя быў здзіўлены тым, што на яго склалі пратакол, і нават выказаў думку, што супрацоўнікам міліцыі дастаткова было правесці тлумачальную гутарку. Тым больш што ў судзе міліцыянеры ўжо не сведчылі пра тое, што айцец Аляксандр выкрыкваў лозунгі, а толькі сказалі, што бачылі, як ён ішоў разам з астатнімі. Суд вынес святару папярэджанне.

«Сказалі, што начальнік хоча пагаварыць са мной»

Напрыканцы мінулага тыдня айцец Аляксандр пакінуў у “Фэйсбуку” запіс, у якім распавёў працяг сваёй гісторыі.

У мінулы чацвер да яго пасля літургіі завіталі двое міліцыянераў і запрасілі на размову: маўляў, начальнік хоча пагаварыць адносна падпалаў, якія адбыліся ў Ваўкавыску. У аднаго з міліцыянераў за адну ноч падпалілі машыну і дом, які толькі будаваўся.

Айца Аляксандра прывезлі ў РАУС і пакінулі аднаго ў кабінеце. Праседзеўшы там больш за паўгадзіны і не дачакаўшыся размовы, ён папросту ўстаў і пайшоў дахаты. Па дарозе яго дагнаў лейтэнант Бойка і папрасіў вярнуцца: маўляў, на вас заведзена адміністрацыйная справа па арт.23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Бацюшка быў здзіўлены і сказаў супрацоўніку міліцыі, што яго за гэта ўжо асудзілі. Той адказаў, што гэта іншая справа, і прапанаваў вярнуцца.

“У кабінеце ён паказаў фота, на якім быў чалавек, падобны да мяне, – распавядае бацюшка. – Лейтэнант патлумачыў, што я абвінавачваюся ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

У пратаколе айцец Аляксандр напісаў, што з ім не згодны. Тым не менш лейтэнант патлумачыў, што ў бацюшкі ўжо паўторнае парушэнне закона. Хаця мітынг, ва ўдзеле ў якім яго абвінавачвалі, быў яшчэ да таго нібыта шэсця, за якое яго асудзілі, і быў дазволены старшынёй Ваўкавыскага райвыканкама.

Яшчэ праз дзень лейтэнант ізноў прыйшоў да айца Аляксандра і пачаў тлумачыць, што ў пратакол унесены змены і, маўляў, яго ўжо вінавацяць не па ч.3, а па ч.1 арт 23.34 , бо парушэнне насамрэч было здзейснена раней, чым адбыўся суд.

Аднак, калі бацюшка заўважыў, што ў копіі пратакола адсутнічае часціца “не” перад словам “згодны”, а значыцца, што ён нібыта з пратаколам пагаджаецца, адмовіўся браць гэтую паперу. Яна так і засталася ляжаць на прыступках царквы.

«Я святар і абавязаны прапаведаваць…»

Прэс-сакратар Гродзенскай епархіі дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч, распавядаючы пра айца Аляксандра Богдана, зазначыў, што падчас вучобы ў семінарыі жыў з ім у адным пакоі і добра ведае. Ён быў здзіўлены тым, што той мог зрабіць нешта падобнае таму, у чым яго абвінавацілі.

Увесь Ваўкавыск ведае яго як місіянера, які прапаведуе толькі Евангелле. Нават у той самай міліцыі ён не аднойчы быў з лекцыямі і гутаркамі. Не цураецца дапамагаць сацыяльна не адаптаваным людзям, неаднойчы наведваў Ваўкавыскую калонію, праводзіць сустрэчы з алкаголікамі. Прычым ён робіць гэта не для разавай карцінкі, а цягам многіх гадоў. Без фінансавай падтрымкі. Цвёрда, упарта, метадычна, – распавёў прэс-сакратар Гродзенскай епархіі.

Дарэчы, айцец Аляксандр на пытанне “Народнай Волі”, ці будзе ён яшчэ калі-небудзь удзельнічаць у сустрэчах з супрацоўнікамі міліцыі, калі яго будуць запрашаць, адказаў коратка:

– Я святар і абавязаны прапаведаваць вучэнне Хрыста.

Публікацыя – з № 81 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: