Дэманстранты патрабуюць вызвалення палітвязняў. Фота Паўла Крычко
Дэманстранты патрабуюць вызвалення палітвязняў. Фота Паўла Крычко

Расійскі рэсурс “Открытые медиа”, спасылаючыся на інсайдэрскія крыніцы, вылучыў версію пра сэнс візіту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ і размовы з палітвязнямі. Сваім меркаваннем наконт гэтага дзеліцца беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.

Паводле інфармацыі рэсурсу, сітуацыя выглядае так: “Адразу тры крыніцы “Открытых медиа” ў беларускім кіраўніцтве – у Савеце бяспекі, у Адміністрацыі прэзідэнта і ў Савеце міністраў – паведамілі, што мэта візіту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ – прапанаваць сваім апанентам угоду. Яны заклікаюць сваіх прыхільнікаў спыніць вулічныя выступленні і спробы арганізаваць страйкі. Узамен Лукашэнка выпускае апазіцыянераў на свабоду, дзе яны ўвойдуць у склад будучай камісіі для выпрацоўкі новай Канстытуцыі. Калі яна будзе гатовая (ужо на лета), адбудуцца і новыя выбары”.

Версія выглядае даволі праўдападобнай. Але складанай для рэалізацыі. На тое ёсць шэраг прычын.

Найперш варта канстатаваць, што ў вулічных пратэстаў няма пэўнага кіраўніка. Ні Святлана Ціханоўская, ні Павел Латушка, ні Віктар Бабарыка, ні Сцяпан Пуціла іх не кантралююць. Таму заклікі любых палітыкаў спыніць пратэсты наўрад ці прынясуць плён. Асабліва калі яны прагучаць з турмы. А пагатоў ніхто не зверне ўвагі на персанажаў кшталту Юрыя Васкрасенскага, які моцна сябе дыскрэдытаваў адыёзнымі інтэрв’ю на БТ.

Пра канстытуцыйную рэформу і датэрміновыя прэзідэнцкія выбары Лукашэнка мусіў бы абвясціць публічна. Вызначыць дакладныя тэрміны. Прычым не на словах, а ў нейкім заканадаўчым акце накшталт дэкрэта. Зразумела, нават і ў такім выпадку давер да яго невялікі, каб стаць асновай для кампрамісу. А што тады казаць пра нейкія кулуарныя абяцанні?

Дарэчы, гэта ў стылі Лукашэнкі: кулуарная ўгода замест публічных прапаноў.
Ідзём далей. Канстытуцыйная камісія, якая прапануе змены ў Канстытуцыі, гэта добра. А хто будзе зацвярджаць канчатковы варыянт Асноўнага закону? Сам Лукашэнка? Дык грамадства не прызнае ягоную легітымнасць, праз гэта, уласна, і выбухнуў канфлікт. Парламент? А хто ў Беларусі ўсур’ёз лічыць яго рэальным органам улады? Усебеларускі народны сход? Гэта карыкатура на народнае прадстаўніцтва, ва ўмовах рэвалюцыйнай сітуацыі такія бутафорскія структуры абсалютна не працуюць. Рэферэндум? А хто яго будзе праводзіць? Тая ж Лідзія Ярмошына? Гэта нават не смешна. Тое ж самае пытанне ўзнікае і пра датэрміновыя выбары. Калі яны пройдуць па традыцыйнай схеме, то ў чым сэнс? І дзе тут кампраміс? Гэта ніяк не вырашае палітычны крызіс.

То бок мы ўпіраемся ў галоўнае пытанне. І рэальная канстытуцыйная рэформа, і новыя выбары не могуць адбывацца ва ўмовах фактычнай вайсковай дыктатуры ў краіне, калі галоўным дзяржаўным органам з’яўляецца АМАП. Спачатку дэмакратызацыя палітычнай сістэмы, абавязковае спыненне палітычных рэпрэсій, вызваленне ўсіх палітвязняў, і толькі потым можна казаць і пра канстытуцыйную рэформу, і пра выбары, шукаць кампраміс. Без гэтага ніякая ўгода немагчымая.
Зразумела, можна пра нешта дамовіцца з асобнымі палітвязнямі, асабліва з улікам стану, у якім яны знаходзяцца. Але гэта не будзе мець ніякага ўплыву на вырашэнне беларускага палітычнага крызісу.

Больш за тое, візіт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ ускосна спрычыніўся да абвастрэння палітычнага супрацьстаяння ў краіне. Пра гэта сведчаць падзеі нядзелі і панядзелка. Лукашэнка, мусіць, спужаўся, што праявіў слабасць, пайшоўшы на размову з палітвязнямі, і, як можна меркаваць, загадаў павысіць жорсткасць дзеянняў супрацоўнікаў МУС. У адказ народ узмацніў супраціў, пачаў адказваць сілай на сілу.
То бок Беларусь рэальна паўстала перад альтэрнатывай: альбо сапраўдныя перамовы, альбо пагроза грамадзянскай вайны. І выбар тут выключна за кіруючым рэжымам.

Поделиться: