«Мы сваіх у бядзе не кідаем…»
Аляксандр Апейкін

Ці магчымы з боку МАК санкцыі да Нацыянальнага алімпійскага камітэта за пераслед спартсменаў па палітычных матывах? Якая дапамога аказваецца тым, хто трапіў пад рэпрэсіі? Што будзе з гандбольным клубам “Віцязь”, які выкінулі з чэмпіянату за акцыю ў падтрымку баскетбалісткі Алены Леўчанка?

На гэтыя пытанні “Народнай Волі” адказвае каардынатар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр АПЕЙКІН.

– Мы нарэшце дагрукаліся да Міжнароднага алімпійскага камітэта, і зараз ён расследуе заяву беларускіх спартсменаў, якія на сабе адчулі ціск з-за палітычных поглядаў, – кажа Аляксандр. – Прадаставілі ў МАК каля 30 фактаў, калі прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці пацярпелі за сваю пазіцыю. Ёсць нейкія спрэчныя моманты, але маем і сітуацыі, калі чалавека на 100 працэнтаў выганялі з каманды за тое, што ён недзе выказаў сваё меркаванне.

– Як Міжнародны алімпійскі камітэт будзе праводзіць расследаванне?

Усе факты былі пададзены на мінулым тыдні, і, калі шчыра, мяне здзівіла вельмі хуткая рэакцыя з боку МАК. Гэта сведчанне вялікай цікавасці прэстыжнай арганізацыі да праблемы. Трэба разумець, што ў Міжнародны алімпійскі камітэт паступае шмат просьбай і прапаноў, але гэта бюракратычная структура, таму не ўсе яны адразу разглядаюцца.

Хуткая рэакцыя МАК на “беларускую праблему” паказвае, што ў гэтым накірунку нейкія захады ўсё-такі будуць. І мы, натуральна, са свайго боку будзем пільна сачыць за тым, каб расследаванне не стала фармальнасцю, а прайшло як мае быць.

У тых фактах, што мы даслалі, ёсць канкрэтныя парушэнні Алімпійскай хартыі, калі людзей звальнялі за іх грамадзянскую пазіцыю. Таму не выключаю, што МАК можа ўжыць санкцыі да беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

– Пра якія санкцыі ідзе гаворка?

– Прыпыненне сяброўства ў Міжнародным алімпійскім камітэце – вельмі радыкальная санкцыя, не думаю, што да гэтага дойдзе. Але можа быць прыпынена фінансаванне НАК Беларусі, а беларускім алімпійцам забароняць выступаць на Алімпіядзе пад дзяржаўным сцягам.

Такія санкцыі, можа быць, і сімвалічныя, але галоўнае, што МАК прызнае: у Беларусі насамрэч ёсць праблема пераследу спартсменаў і спецыялістаў за іх погляды.

– Пры абмеркаванні гэтай тэмы на форумах многія наогул не вераць, што Міжнародны алімпійскі камітэт будзе прымаць нейкія меры ўздзеяння на НАК Беларусі…

У людзей, якія пішуць такое на форумах, не так шмат досведу супрацоўніцтва з МАК. Сёння з Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці працуюць буйнейшыя ў свеце спартыўныя арганізацыі – Міжнародная супольнасць спартсменаў Global Athlete, World Players Association, EU Athletes, нямецкі спартыўны прафсаюз Athleten Deutschland.

Гэтыя арганізацыі даволі сур’ёзна ўключыліся ў абарону беларускіх спартсменаў, а да іх меркавання прыслухоўваецца і той жа МАК. Акрамя таго, у нас добрыя стасункі з найбуйнейшымі міжнароднымі выданнямі, якія таксама будуць сачыць за гэтай праблемай.

Дадам, што ёсць таксама дамоўленасці з прэзідэнтамі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў шэрагу еўрапейскіх краін, і яны таксама гатовы падтрымаць Беларусь і давесці расследаванне, якое будзе праводзіць Міжнародны алімпійскі камітэт, да нейкага выніку.

– Колькі грошай сабрана на дапамогу беларускім спартсменам, якія пацярпелі ад дзеянняў улад?

– Не магу назваць дакладную лічбу, бо грошы збіраюцца на базе BYSOL – гэта агульны фонд дапамогі пацярпелым беларусам. І спартсмены не вылучаюцца ў нейкую асобную катэгорыю. Усе мы найперш грамадзяне Беларусі.

Адзінае, што вядома, на гэты момант аказана дапамога 15 прадстаўнікам спартыўнай грамадскасці. Таксама мы зараз шукаем магчымасці, каб звольненыя беларускія спартсмены мелі магчымасць працягваць сваю спартыўную кар’еру за мяжой.

– Размова ідзе пра змену грамадзянства?

– Не, толькі пра тое, каб мець магчымасць трэніравацца. І ўжо літаральна праз некалькі дзён з’явяцца першыя кейсы, спартсменам будуць прапаноўвацца варыянты таго, каб за мяжой можна было паўнавартасна праводзіць трэніроўкі. Будзе фінансавая падтрымка з боку арганізацый тых краін, якія прымуць людзей.

А пакуль што ўсе, хто да нас звяртаецца, у той ці іншай ступені таксама атрымліваюць дапамогу.

– Чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская, якую звольнілі за “прагулы”, звярталася?

Пакуль не звярталася, але мы ўжо размаўлялі на гэты конт з Сашай, і ў бліжэйшы час яна накіруе нам заяўку. У нас ёсць некаторыя зафіксаваныя працэдуры, якіх трэба прытрымлівацца, але дапаможам фрыстайлістцы абавязкова. Мы сваіх у бядзе не кідаем.

– Вы з’яўляецеся заснавальнікам гандбольнага клуба “Віцязь”, які не так даўно правёў акцыю салідарнасці з арыштаванай баскетбалісткай Аленай Леўчанка – каманда праігнаравала матч першынства Беларусі. У выніку клуб не можа далей удзельнічаць у чэмпіянаце. Што будзе з камандай?

Па-першае, мы хочам, каб еўрапейская гандбольная грамадскасць даведалася пра падрабязнасці гэтай справы, бо ёсць некаторыя моманты, на якія варта звярнуць увагу.

Акцыя “Віцязя” – гэта быў пратэст супраць палітычнага ціску на спартсменаў. Мы сваю пазіцыю ніколі не хавалі і разумеем, што яе падзяляюць многія. Нават тыя, хто па розных абставінах маўчыць. Гандбол – гэта такі від спорту, які практычна цалкам трымаецца на бюджэтных грашах. Былі толькі два прыватныя клубы – брэсцкі БГК імя Мяшкова і “Віцязь”.

Таму большасць ігракоў па сутнасці бюджэтнікі, і, натуральна, іх заробак залежыць не толькі ад выступлення на пляцоўцы, але і ад лаяльнасці да ўлады.

Хаця, напрыклад, мне складана зразумець, у якой ступені залежнасці трэба быць чалавеку, каб маўчаць у сітуацыі, калі трэба крычаць аб тых жахах і гвалце, што прадэманстравала ўлада!

Але “Віцязь” не мог не падтрымаць Лену Леўчанка, бо яна для нас з’яўляецца пэўным сімвалам барацьбы за свае правы, за справядлівасць.

Так, каманда зараз не зможа выступаць у чэмпіянаце, але з клубам усё будзе добра. Як толькі сітуацыя ў краіне зменіцца, “Віцязь” будзе адноўлены, і гэта будзе сапраўды клуб-герой.

Публікацыя – з № 81 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: