Ігар БАРЫСАЎ: «Ва ўсёй сям’і ўзялі тэсты, цяпер сядзім на самаізаляцыі…»
Фота з асабістага архіва

Жонка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алена Барысава захварэла на каранавірус.

“Народная Воля” пацікавілася ў Ігара і Алены Барысавых падрабязнасцямі.

– Ігар, як ваша здароўе?

– Маё нармальна, а вось жонка хварэе. Пачалося з таго, што спачатку яна перастала адчуваць пахі. Дні праз тры-чатыры пачала крыху панікаваць, звярнулася ў паліклініку, там узялі тэст. І праз два дні пацвердзілася, што ў яе каранавірус. Недзе праз дзень падвысілася тэмпература, але не надта крытычна. Яшчэ ў жонкі насмарк, аднак іншых сімптомаў няма. Доктар да нас прыходзіла, паслухала жонку, сказала, што з лёгкімі ўсё нармальна.

– Праблем з дыханнем няма?

– Не.

– А дзеці? У школу ходзяць?

– Не. Інфармацыю амаль адразу пераслалі ў дзіцячую паліклініку, адтуль прыехалі ўзяць у дзяцей тэсты. Яны таксама на самаізаляцыі.

І я падпісаў афіцыйныя паперкі, што сыходжу на самаізаляцыю як кантакт першага ўзроўню. Так што тэсты мы здалі ўсёй сям’ёй.

– Для вас гэта, калі не памыляюся, ужо другі тэст на каранавірус. Першы раз здавалі, калі вярталіся з падарожжа па Амерыцы?

– Не, што вы! Тады па прылёце ў Мінск у аэрапорце ў мяне нават пашпарт не праверылі, бо я з Масквы ляцеў. Ні пра якія тэсты ўвогуле гаворкі не было!

– Бачу, вы аптымістычна трымаецеся, не падаеце духам…

– Ну так. Адзінае, канешне, не надта прыемна адчуваць сябе скаваным, бо нельга выходзіць з дома ад двух да трох тыдняў – у залежнасці ад таго, што пакажуць тэсты.

– Быццам жа скарацілі тэрміны каранціну?

– Самаізаляцыя – два тыдні, а 10 дзён – гэта новая норма для тых, хто вяртаецца з краін з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам.

– Але вы на бальнічным?

– Так, даюць на 21 дзень па каранавірусе, наколькі я разумею…

Жыццё часова нібыта пастаўлена на паўзу. У краму і аптэку хадзіць можна, а больш – нікуды. І перыядычна міліцыя будзе правяраць, як мы выконваем рэжым самаізаляцыі.

– Хвароба – такая штука, якая можа ў любы момант парушыць твае планы.

– Так, хвароба і смерць прыходзяць тады, калі іх чакаеш менш за ўсё. Але ўсё будзе добра, прарвёмся, я перакананы!

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Алена БАРЫСАВА:

«Здаецца, я разумею, чаму ў нашай краіне расце колькасць захворванняў на COVID-19…»

– Тэмпература ў мяне была ўвесь час невялікая, каля 37,1, – распавяла Алена Барысава “Народнай Волі”. – Адзінае што – першыя дні адчувала слабасць, нават падумала: відаць, было шмат працы і я проста моцна стамілася. І пахі зніклі. Але зараз яны ўжо паціху вяртаюцца.

– Бачу, што многія людзі неяк расслабіліся, быццам каранавіруса не існуе: і ў магазіны ходзяць без масак, на акцыі пратэсту таксама… Вы захоўвалі меры бяспекі?

– Канешне! Я месцы агульнага карыстання наведвала толькі ў масцы. Ну хіба толькі ў сцяпянскім лесе гуляла з дзецьмі без маскі. У мяне ёсць антысептык-спрэй – ён таксама ўвесь час са мной. І на працы мы апрацоўвалі антысептыкам ручкі дзвярэй, рукі мылі – гэта абавязкова!

– Адным словам, адкуль заляцеў да вас гэты вірус – незразумела?

– Так. І я з верасня не хадзіла на мірныя дэманстрацыі, таму сама здзіўляюся, дзе магла падчапіць хваробу. І нават па магазінах Ігар часцей за мяне ходзіць, я вельмі рэдка.

– Тэст вам рабілі які? Па крыві?

– Не, бралі мазок з носа. Кроў дактары рэкамендуюць здаваць на дзясяты-трынаццаты дзень пасля таго, як хвароба ўжо праявілася. Бо раней ён можа проста не паказаць дакладны вынік.

Дарэчы, з сімптомаў у мяне акрамя насмарку толькі голас крыху змяніўся.

– Я чую: крыху сіпаты… Антыбіётыкі вам прызначылі ці якія іншыя лекі рэкамендавалі?

– Антыгістамінныя прэпараты, бо быў невялікі ацёк носа і горла. “Сінупрэт” яшчэ, і сказалі піць вялікую колькасць вады.

Днямі доктар нават вечарам прыбегла мяне паслухаць, каб ускладненні раптам на лёгкія не пайшлі.

– На камп’ютарную тамаграфію не накіроўвалі?

– На самай справе няма падстаў для КТ, бо ў мяне каранавірус працякае ў форме лёгкай прастуды. У мяне раней была пнеўманія без кашлю, таму я добра ведаю, як тады баліць, якія сімптомы, – зараз нічога такога няма.

– Лічбы па каранавірусе, канешне, у краіне растуць…

– І я, здаецца, разумею, чаму так адбываецца. Напрыклад, я сваіх дзяцей яшчэ на мінулым тыдні ізалявала, калі ў мяне толькі з’явіліся падазрэнні на COVID-19. У школу не пусціла.

На нашу 14-ю паліклініку прыходзіцца да 70 чалавек у дзень з падазрэннем на каранавірус – гэта тыя людзі, да якіх выязджае кавідная брыгада. І справа ў тым, што, пакуль я чакаю выніку тэста на каранавірус, мае дзеці і ўсе члены сям’і (і я таксама!) можам хадзіць і бываць дзе заўгодна! Ніякай забароны няма. Я нават тэлефанавала загадчыцы дзіцячай паліклінікі з гэтым пытаннем. Яна сказала: няма падстаў не пускаць дзяцей у школу. Дык а з маральнага боку: як я аднаго дзіцёнка павяду ў дзіцячы садок, а другую – у школу, калі ў мяне ёсць адпаведныя сімптомы і небеспадстаўнае падазрэнне на каранавірус?!

Больш за тое: папярэджанне аб самаізаляцыі падпісала толькі я, а мае дзеці ўсё роўна могуць хадзіць у садок і школу. Але ж яны жывуць са мной у адной кватэры, мы кантактуем. Мне падаецца, што калі ёсць падставы, калі ўзялі мазкі, то правільна было б пасядзець на ізаляцыі да атрымання вынікаў тэста ўсёй сям’і. І мы, дарэчы, так і зрабілі. Але ж нехта не сябруе з галавой і працягвае наведваць грамадскія месцы. Я і ў паліклініцы пра гэта сказала, і мне – быццам як выключэнне – далі даведку для школы і садка.

Людзі самі разносяць гэтую інфекцыю, і без масак шмат хто ходзіць. Вось таму ў нас і растуць штодзень лічбы па каранавірусе.

– Алена, здароўя вам і ўсёй вашай сям’і!

– Дзякуй!

Публікацыя – з № 81 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: