Ілюстратыўнае фота: news.tut.by
Ілюстратыўнае фота: news.tut.by

Дзеля гэтага з 15 кастрычніка пачне працаваць “Гродзенскі дыялог – 2020”. Пра гэта аб’явіў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Прадстаўнікі апазіцыі ідэю не падтрымалі.

Асноўныя мэты дыялогу – абмеркаванне перспектыў развіцця краіны і рэгіёну, выпрацоўка прапаноў для ўнясення змен у Канстытуцыю Беларусі і іншыя заканадаўчыя акты.

Дзве сустрэчы зацікаўленых у абмеркаванні актуальных для краіны і грамадства тэм павінны адбыцца 15 кастрычніка. Першая тэма будзе датычыцца павышэння ролі мясцовага кіравання і самакіравання з праекцыяй на развіццё рэгіёнаў.

На другой пляцоўцы будуць абмяркоўваць шляхі развіцця сацыяльнай сферы – адукацыі, спорту, культуры, экалагічнай тэматыкі.

Фармат працы прадугледжвае круглыя сталы і панэльныя дыскусіі па некалькіх тэматычных блоках. Заяўлена, што ў межах дыскусій змогуць выступіць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, прафесійных і бізнес-супольнасцяў, дэпутаты, лідары і актывісты грамадскіх арганізацый і палітычных партый, іншых грамадзянскіх ініцыятыў і простыя грамадзяне.

Кіраўнік гродзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў на ініцыятыву ўладаў аб стварэнні пляцовак для дыялогу, на якіх будуць абмяркоўвацца змены ў Канстытуцыі, заўважыў, што дзеля правядзення такіх дыялогаў павінен існаваць як мінімум давер.

На яго думку, калі на вуліцах працягваецца гвалт, ужываюцца гумовыя кулі, калі пракурор абяцае ўзмацніць санкцыі па артыкуле 23.34, такая сітуацыя не адпавядае дыялогу. Ён таксама нагадаў, што апазіцыя ў Гродне яшчэ ў пачатку жніўня прапанавала ўладам дыялог па стварэнні Савета народнага даверу, а адказу так і не атрымала.

“Любы дыялог магчымы пасля спынення гвалту, закрыцця адміністрацыйных і крымінальных спраў, вызвалення ўсіх палітвязняў, пасля аднаўлення даверу ў грамадстве. Тое, што адбываецца сёння – гэта імітацыя, і насцярожвае тое, што працэс кіруецца зверху і вельмі прыспешаны па часе. Я не веру ў эфектыўнасць такога дыялогу”, – зазначыў Саранчукоў.

Поделиться: