Наталля Суслава. Фота з сацыяльных сетак
Наталля Суслава. Фота з сацыяльных сетак

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 12 кастрычніка другі раз пакараў выкладчыцу ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, кандыдата філалагічных навук Наталлю Суславу арыштам, гэтым разам ажно на 10 сутак. Пастанову на арышт вынес суддзя Віктар Казачок. Суслава прызнана вінаватай ва ўдзеле 20 верасня ў несанкцыянаванай акцыі ў цэнтры горада.

У той дзень выкладчыца Суслава разам з іншымі гараджанамі ўскладвала кветкі на месцы гібелі 25-гадовага Аляксандра Віхора, які загінуў пры нявысветленых абставінах пасля таго, як быў схоплены амапаўцамі на акцыі пратэсту. Акурат 20 верасня былі саракавіны з дня смерці Аляксандра, і, як патлумачыла  ў судзе Наталля Суслава, праз удзел ва ўскладанні кветак яна выказала сваю грамадзянскую пазіцыю, каб Сашавы блізкія ведалі, што пра яго памятаюць.

Затрымалі Суславу ў мінулую нядзелю, прычым не на акцыі. Як распавёў калега выкладчыцы па ўніверсітэту, праваабаронца Віктар Адзіночанка, Суслава ехала з былымі студэнтамі на дзень народзінаў. У іх былі белыя і чырвоныя балонікі. Машыну спынілі дзяржаўтаінспектары, завезлі ў РАУС, а там Наталлі Уладзіміраўне прыгадалі ранейшыя “грахі”.

Першы раз Суславу пакаралі арыштам на восем сутак 29 верасня за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, якая прайшла 27 верасня. Вырак вынес суддзя Чыгуначнага раёна Яўген Шаршнёў. На судзе выкладчыца пацвердзіла, што сапраўды была на маршы і выгуквала “Жыве Беларусь!”, бо гэта словы Янкі Купалы. Паводле Суславай, на вуліцу сёння выходзяць людзі, для якіх “філаматы, слуцкія паўстанцы, Купала, Быкаў, Караткевіч – не пусты гук”.

У пратэстных маршах выкладчыца ўдзельнічае з 9 жніўня.

Поделиться: