Надзея Пужынская. Фота з Facebook
Надзея Пужынская. Фота з Facebook

Пасля шасці сутак адміністрацыйнага арышту нечакана выйшла на волю загадчыца відэааддзела інтэрнэт-сайта «Моцныя навіны» Надзея Пужынская.

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок пакараў журналістку 14 суткамі адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адбываць пакаранне яе адвезлі ў Буда-Кашалёва ў ізалятар пры райаддзеле міліцыі, аднак за 8 сутак да сканчэння тэрміну Надзею адпусцілі.

«Я кепска сябе пачувала, мне выклікалі хуткую медычную дапамогу, прапаноўвалі шпіталізацыю. Не ведаю дакладна, што сказалі лекары міліцыянтам, а мне рэкамендавалі абследавацца дзеля ўдакладнення дыягназу. Відаць, гэта і паспрыяла майму вызваленню», – паведаміла Надзея Пужынская.

Пад арыштам у ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама застаюцца  журналістка-фрылансер, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Ларыса Шчыракова, галоўная рэдактарка «Моцных навін» Ганна Якштас (іх затрымалі 9 кастрычніка і яшчэ не судзілі). Там жа 15 сутак адбывае і Дзяніс Якштас, супрацоўнік “Моцных навін” і муж Ганны Якштас, якога суддзя Савецкага раёна Андрэй Лагуновіч асудзіў на 15 сутак, таксама нібыта за ўдзел у маршы пратэста супраць несумленных выбараў.

Поделиться: