Перамовы ў турме
Перамовы ў турме

Такім чынам, перамовы паміж уладай і пратэстуючым народам, пра якія два месяцы бясконца гаварылі ўсе беларускія і замежныя суб’екты, нарэшце пачаліся. Праўда, з непаўторнай беларускай спецыфікай.

Лукашэнка прыехаў у турму і сустрэўся з палітвязнямі. Лепшага месца для гэтай справы не знойдзеш. І партнёры Лукашэнкі па перамовах у такім стане, што лягчэй дамагчыся ад іх згоды.

Сённяшнім візітам у СІЗА КДБ Лукашэнка паламаў шэраг стэрэатыпаў.
Сам Лукашэнка шмат казаў, што не пойдзе ні на якія перамовы з рэальнымі прадстаўнікамі пратэстуючага народа. Пра тое ж казалі ўсе эксперты. Бо, маўляў, гэта была б дэманстрацыя ягонай слабасці. А ён узяў і прыйшоў у турму. І нават круглы стол знайшлі ў СІЗА КДБ.

Таксама шмат казалі ў экспертным асяроддзі, маўляў, няма з кім весці перамовы, няма рэальнага канкрэтнага суб’екта. Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, іншыя палітыкі, прэтэндуючыя на лідэрства, за мяжой. Аднак лідэры знайшліся і ўнутры краіны. Праўда, усе яны ў турме. Таму, калі хочаш пачаць перамовы, то знойдзеш з кім. Была б воля.

І звярніце ўвагу, каго запрасілі на сустрэчу. Не Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца ці Сяргея Ціханоўскага. Бо яны прадстаўляюць радыкальную апазіцыю. На сустрэчу запрасілі ўмераных, прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады і Аб’яднанага штаба, якія імкнуліся змагацца ў рамках прававога поля.

Што ўсё гэта значыць? Зразумела, гаворка не ідзе пра рэальныя перамовы з пратэстуючым народам. Гаворка ідзе пра імітацыю. Але нават імітацыя азначае, што Лукашэнка адчувае свае пазіцыі не такімі моцнымі, як падаецца на першы погляд. Так, яны ўмацаваліся ў параўнанні з першымі двума тыднямі пасля выбараў. І цяпер ён, ужо з пазіцыі сілы, дасылае сігнал грамадству, што гатовы да нейкага, няхай сімвалічнага, кампрамісу.

Таксама гэта сігнал Захаду і Расіі, якія падштурхоўвалі Лукашэнку да перамоў. Мусіць, яго трохі напружвае тое, што Пуцін абмяркоўвае сітуацыю ў Беларусі, а значыць і ягоны палітычны лёс, з Макронам і Меркель. Магчыма, гэта адна з умоў, якія ад яго вымагаў прэзідэнт Расіі ў Сочы. Маскву імітацыя перамоў задаволіць, а Захад – не.

І яшчэ важны нюанс. Калі б пачаліся рэальныя перамовы з прадстаўнікамі пратэстуючага народа, то дапамога Пуціна стала б не так ужо і патрэбная. Лукашэнка нешта паабяцаў Пуціну ў Сочы. Цяпер нешта паабяцаў палітвязням у турме, і можна паспрабаваць манеўраваць паміж гэтымі абяцаннямі, не выконваючы да канца ніводнае.

Такім чынам, можна канстатаваць, што Лукашэнка пачаў складаную гульню. Дасюль ён быў схільны да простых і грубых рашэнняў. Ці ўдасца ўсіх перагуляць?
«Канстытуцыю на вуліцы не напішаш», – цытуе словы Лукашэнкі тэлеграм-канал “Пул першага”. Няўжо турма для гэтага лепш падыходзіць?

Поделиться: