Беларускі металургічны завод у Жлобіне
Беларускі металургічны завод у Жлобіне

У Жлобіне міліцыя затрымала траіх працаўнікоў Беларускага металургічнага завода – Святлану Зыль, Сняжану Пагодзіну і Вячаслава Петрачэнку. Па месцы іх жыхарства былі праведзены ператрусы – міліцыя забрала асабістыя ноўтбукі, планшэты, тэлефоны. Пра гэта паведаміла мясцовая жыхарка Ілона Ткачова.

На сёння Зыль і Петрачэнка застаюцца ў ізалятары, а Пагодзіну пасля допыту адпусцілі. Апошняя распавяла, што ў яе следчыя дапытваліся, ці ведае яна ў тэлеграме групы “Свободный Жлобин” і “Каратели Беларуси” – там нехта распаўсюдзіў прыватныя звесткі пра кіраўнікоў Жлобінскага РАУС і абразіў яго начальніка. Заведзена крымінальная справа за паклёп – паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. Сняжана Пагодзіна здзіўляецца, чаму менавіта яе дапытвалі пра групы ў тэлеграме і абразы галоўнага раённага міліцыянера, бо яна не ўваходзіць у вышэйзгаданыя групы. Ёй не зразумела таксама, што паслужыла прычынай дагляду яе працоўнага месца на БМЗ.

Нагадаем, што ў жніўні на металургічным заводзе праходзіў страйк – рабочыя абурыліся несумленнымі выбарамі і гвалтам з боку міліцыі супраць мірных дэманстрантаў. Улагоджваць сітуацыю прыязджаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей ды іншае мясцовае начальства. У прыватнасці, Салавей абяцаў, што “па супрацьпраўных фактах, якія былі здзейснены, будзе разбіральніцтва. Я даю вам слова губернатара – мы па кожнаму факту разбярэмся…”.

У той жа дзень каля Палаца металургаў адбыўся мнагалюдны мітынг, на які прыйшлі старшыня райвыканкама Іван Навуменка і начальнік мясцовай міліцыі Генадзь Мельнік. Ім задавалі пытанні пра брутальныя затрыманні жыхароў, у тым ліку і падлеткаў. Удзельнікі сустрэчы скандавалі: “Выпускай!”, “Фашысты!” ў бок міліцыі, запрашалі начальства “адмовіцца ад сваіх кармушак і перайсці на бок народа”.

Поделиться: