Суд ці судзілішча?
Уладзімір Родчанка

Гродзенец Уладзімір Родчанка аштрафаваны на 25 базавых велічынь за тое, што стаяў на каленях перад аблвыканкамам з плакатам супраць насілля.

Уладзімір Родчанка – інжынер-праграміст. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Вядомы тым, што ў першыя дні пратэстаў ездзіў па Гродне на ўласным аўто з прымацаваным бел-чырвона-белым сцягам, быў за гэта асуджаны, а машына два месяцы знаходзілася пад арыштам.

12 жніўня Уладзімір разам з іншымі аднадумцамі выйшаў насупраць аблвыканкама з фатаграфіяй 5-гадовай дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з удзелам ваеннай тэхнікі і АМАПа. Такім чынам неабыякавыя людзі выказалі пратэст супраць насілля. Уладзімір разам з іншымі быў затрыманы і моцна збіты, пасля чаго 10 дзён знаходзіўся ў шпіталі. Нягледзячы на гэта, на яго склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў правядзення масавага мерапрыемства. Абвінавацілі ў тым, што дэманстраваў плакат з дзіцем у крыві.

І вось 7 кастрычніка справа разглядалася ў Ленінскім судзе Гродна. Цікава, што суддзя Мікалай Сяргейка так і не змог высветліць у сведак-міліцыянераў, чаму адміністрацыйны пратакол, складзены па падзеях аж 12 жніўня, быў перададзены ў суд толькі 6 кастрычніка.

Паводле слоў гродзенскага праваабаронцы Рамана Юргеля, які сачыў за працэсам, многае на ім уражвала. У прыватнасці, тое, як суддзя выбарачна задавольваў хадайніцтвы адваката Уладзіміра Родчанкі.

Той прасіў, каб на судзе апыталі супрацоўнікаў міліцыі, якія складалі рапарты і пратаколы, супрацоўнікаў АМАПа, якія прымянялі сілу, дактароў “хуткай дапамогі”, якія даставілі Родчанку з міліцыі ў шпіталь. Суд, аднак, задаволіў толькі хадайніцтва аб апытані двух міліцыянераў. А тыя ў сваю чаргу, як заведзеныя, паўтаралі: не ведаю, не памятаю.

Адвакат звяртаў увагу суда на парушэнні тэрмінаў пры складанні рапартаў і пратаколаў. Аказалася, што тэксты ў іх супадаюць і нават лексічныя памылкі адны і тыя ж.

“Рапарты складалі не тыя супрацоўнікі, якія затрымлівалі Родчанку і яго аднадумцаў, а тыя, хто нават не прысутнічаў на месцы падзей. Ніхто з іх не мог засведчыць, дзе і як Родчанка пікетаваў і ці пікетаваў наогул, – падкрэслівае Юргель – Гэтага ўжо было дастаткова, каб спыніць разгляд справы”.

Родчанка распавёў у судзе, што ў мікрааўтобусе, на якім яго з іншымі везлі ў міліцыю, іх паставілі на калені ў праходзе, з іх здзекаваліся, білі, ім пагражалі і размалявалі маркерамі. Білі таксама ў РАУС. Але гэтыя акалічнасці суд не зацікавілі.

Міліцыянер Казлоўскі, які выступаў сведкам у судзе, заявіў што Родчанку не білі, рукі яго не былі счэплены пластыкавай сцяжкай і яму патлумачылі яго правы перад апытаннем у міліцыі. А вось гэта сведчанне было прынята як належнае.

У судзе Родчанка віны не прызнаў і мае намер абскардзіць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі.

Праваабаронца Юргель пасля вынесенага судом рашэння звяртае ўвагу на тое, што ў краіне насамрэч наступіў прававы дэфолт і дабіцца праўды ў судах стала не проста праблематычна, а нават немагчыма.

Публікацыя — з № 80 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: